Раённы злёт юных ратавальнікаў-пажарных. «Праметэй» з СШ № 1 зноў лепшы
Мерапрыемства пачалося на цэнтральным гарадскім стадыёне з агульнага пастраення, урачыстага адкрыцця злёту, жараб’ёўкі і прадстаўлення членаў журы. Самым відовішчным стаў першы конкурс «Агляд строю». Камандам трэба было прадэманстраваць уменні ў праходжанні страявым крокам, выкананні каманд камандзіра атрада, выкананні страявой песні і «рачоўкі».
Прадоўжыўся злёт любімымі ў падлеткаў спаборніцтвамі па баявым разгортванні, дзе юныя ратавальнікі дэманстравалі свае хуткасць і спрыт у апрананні баявога адзення ратавальнікаў. Як сапраўдныя пажарныя дзеці збіралі спецабсталяванне і пракладвалі магістральную і рабочую лініі да месца пажару.
Чарговым выпрабаваннем на базе СШ № 1 стаў конкурс «Знаўцы», дзе прадстаўнікі каманд дэманстравалі свае веды ў тэорыі, рашаючы за-дачы ў галіне бяспекі жыццядзейнасці. Не за-стаўся без увагі і конкурс «Аказанне першай дапамогі», дзе хлопцы і дзяўчаты вырашалі сітуацыйныя задачы па аказанні першай дапамогі.
Завяршэннем выпрабавання стаў музычна-харэаграфічны конкурс на тэму «#ПРО170 расказваем мы, юныя ратавальнікі сваёй краіны», прымеркаваны да святкавання 170-годдзя пажарнай службы Беларусі.
Па выніках усіх конкурсаў лідарамі спаборніцтваў каторы год запар стала каманда СШ № 1 «Праметэй» (камандзір – Кацярына Лінкевіч, педагог-арганізатар – Наталля Філіпава). Другой стала каманда з Мікіціхінскай СШ, трэцяе месца дасталося камандзе Обальскай СШ. Прызёры і пераможцы ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.
Каманда-пераможца 14 красавіка прымае ўдзел у занальным туры абласнога злёту ў Наваполацку! Пажадаем ёй удачы і перамогі!
Алена КАРПУШЭНКА.