Бяспека на чыгунцы. Загінуў мужчына
Раніцай 11 красавіка на станцыі Шуміліна 66-гадовы мужчына з веласіпедам пераходзіў чыгуначныя пуці па пешаходным пераходзе перад дызелем, які рухаўся. Нягледзячы на меры, што прымаліся машыністам, сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Цягнік наехаў на задняе кола веласіпеда, у выніку чаго мужчыну адкінула на 12 метраў. Ад атрыманых траўм ён памёр.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Было ўстаноўлена, што загінуўшы меў праблемы са слыхам: падчас агляду знойдзены слыхавы апарат.
Як адзначыў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Іваноў, у ходзе праверкі здарэння высвятляюцца ўсе абставіны.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Участковы інспектар РАУС раіць
– Трэба памятаць, што чыгуначныя шляхі, пасажырскія платформы, а таксама іншыя аб’екты, звязаныя з рухам цягнікоў, з’яўляюцца зонамі павышанай небяспекі, – кажа ўчастковы інспектар РАУС Вячаслаў Зубараў, які абслугоўвае Каўлякоўскі і Дабейскі сельсаветы. – Усе, хто знаходзіцца паблізу чыгункі, абавязаны захоўваць агульнапрынятыя правілы: перад пераходам пуці па пешаходным насціле неабходна ўпэўніцца ў адсутнасці цягніка; на пераездах пераходзіць пуці можна толькі пры адкрытым шлагбауме. Забараняецца падлазіць пад чыгуначныя саставы і праз аўтасцэпныя ўстройствы паміж вагонамі; заходзіць за абмежавальную лінію ля краю пасажырскай платформы; скакаць з пасажырскай платформы на чыгуначныя пуці. За парушэнне правілаў бяспекі на чыгунцы пагражае штраф да 2 БВ. Будзьце асцярожнымі і беражыце свае жыцці!