Шанавалі ветэранаў і перадавікоў
Напрыканцы мінулага тыдня ААТ “Шумілінскі льнозавод” урачыста адзначыла свой ганаровы юбілей — 80 гадоў з часу заснавання прадпрыемства. У актавай зале сабраліся рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі завода, шаноўныя госці.
Пасля цікавай прэзентацыі гісторыі завода прачулыя віншаванні калектыву адрасаваў генеральны дырэктар ААТ “Віцебскабллён” Д. П. Чырык. Ён расказаў пра тое, што не за гарамі той час, калі на завод у Прыазёрны прыйдзе мадэрнізацыя, якая дазволіць адрадзіць былую славу льнаводству. У якасці падарунка прадстаўнік вобласці ўручыў дырэктару льнозавода А. М. Папіне дакументы на камп’ютар.
Не з пустымі рукамі — з ганаровымі граматамі райвыканкама і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – прыехаў на ўрачыстасці першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу В. В. Родзіч. Вік-тар Віктаравіч шчыра павіншаваў льнозавадчан з юбілеем, пажадаў калектыву важкіх здабыткаў.
Віншавалі калегі з Гарадоцкага льнозавода, падарылі юбілярам мікрахвалёвую печ. Каштоўны падарунак прывезла начальнік РКЦ-4 у г. п. Шуміліна філіяла ААТ Белаграпрамбанк Н. С. Крыўко.
Як і было вызначана сцэнарыем (а вялі праграму работнікі Амбросавіцкага сельскага клуба), на сцэну запрашаліся ветэраны і перадавікі вытворчасці, заслужаныя людзі, не забыліся на свяце і пра працоўныя дынастыі завадчан. Ім ад імя дырэкцыі і прафкама завода ўручаліся каштоўныя падарункі, у іх гонар гучалі песні, ім прысвячалі свае шчырыя прызнанні вучні Льнозаводскай пачатковай школы.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.