Шумілінскі раён у XIX стагоддзі
Дакрануцца да гісторыі — гэта надзвычай цікава, але вельмі складана, бо неабходна працаваць з дакументамі ў архівах, літаральна па крупінках здабываць карысную інфармацыю. Шмат інфармацыі ўтрымліваюць памятныя кніжкі, якія выдаваліся ў Расійскай імперыі па губернях штогод. “Памятныя кніжкі Віцебскай губерні” выдаваліся з 1861 па 1916 гады губернскімі статыстычнымі ўстановамі і ўяўляюць сабою збор, у які ўваходзяць адрас-каляндар (каляндар і спіс службовых асоб губернскага і павятовага ўзроўню) і статыстычныя звесткі, гістарычныя ці эканамічныя нарысы.
Адміністрацыйны падзел
Да ўвядзення раённага дзялення ў 1924 годзе тэрыторыя сучаснага Шумі-лінскага раёна ўваходзіла ў тры паветы Віцебскай губерні. У Віцебскім павеце былі Лескавіцкая воласць (цэнтр — вёска Смалькі (цяпер ў складзе в. Лескавічы), Жаробыцкая з сялом Жаробычы (цяпер ў складзе аграгарадка Слабада) і Старасельская воласць. У Гарадоцкі павет уваходзілі Мішневіцкая (сяло Мішневічы) і Казьянская (с. Казьяны) воласці, ў Полацкі — Міхайлаўшчынская (с. Любічы), Андрэеўская (в. Мішкавічы), Ловажская (с. Ловаж) і Петрапаўлаўская (пагост Обаль-Ігумена) воласці. У складзе Ловажскай воласці было мястэчка Сіроціна. Гэты падзел быў уведзены пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 годзе і далучэння тэрыторыі да Расійскай імперыі.
Прамысловасць
Развітай прамысловай вытворчасцю ў сярэдзіне XIX стагоддзя не маглі пахва-ліцца нават буйныя беларускія гарады. У сельскай мясцовасці прамысловасцю займаліся галоўным чынам памешчыкі ці арандатары маёнткаў, перапрацоўваючы на невялікіх прадпрыемствах сельскагаспадарчую ці лясную сыравіну (вотчынная прамысловасць), ды сяляне ў якасці дадатковага заробку займаліся вырабам розных прадметаў, неабходных у сялянскай гаспадарцы (саматужная вытворчасць).
На тэрыторыі Шумілінскага раёна прамысловасць была прадстаўлена вінакурнымі, піваварнымі і смалакурным заводамі з невялікай колькасцю рабочых. Трэба заўважыць, што ўказаная колькасць работнікаў – гэта пастаянныя майстры і рабочыя, да дапаможных работ прыцягваліся прыгонныя сяляне ці, пасля адмены прыгону, часоваабавязаныя.
Памешчык С. Грабніцкі меў смалакурны і дзягцярны завод у вёсцы Чаронка (з 1859 г.). На заводзе працавалі 4 майстры і рабочыя, за год яны выраблялі прадукцыі на 800 рублёў.
Дзейнічалі некалькі піваварных і вінакурных прадпрыемстваў: у маёнтку Пагіршчына памешчык У. Раманоўскі меў з 1859 года піваварны завод (1 майстар, прадукцыі на 450 руб.), у маёнтку Лоўжа (памешчыкі Пероты з 1823 года (3 работнікі, 530 руб.)).
Памешчыца Л. Гласко ў маёнтку Міхалова з 1836 года займалася вытворчасцю піва (3 рабочыя, на 825 руб. прадукцыі) і спірту (6 работнікаў, 2650 руб.). У маёнтках Мікалаёва і Тэкленвіль памешчык І. Рэут меў тры прадпрыемствы: піваварнае (з 1825 года, 2 работнікі, 450 руб.) і два вінакурныя (з 1833, па 5 і 3 работнікаў, прадукцыі на 2150 руб. 28 капеек і 1809 руб. 57 кап).
Вінакурэннем займаліся С. Грабніцкі (маёнтак Обаль, з 1835 года, 2 работнікі, 1080 руб.), І. Васілеўскі (Полькавічы, з 1838 года, 3 работнікі, 1478 руб. 75 кап.), Э. Рэут (Андрэева, з 1835 года, 4 работнікі, 2486 руб. 10 кап.). Са “старажытных часоў” існавала вінакурэнне ў сяльцы Заобаль К. Бесарабскага, у Казьянах — І. Галіёфа, у Роўным — Ю. Разенбаўм, у маёнтку Міралюбава (каля вёскі Любічы) – памешчыка Пестава. (Працяг будзе).
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.
Вялікі дзякуй Сяргею Ермалаеву за карысную і патрэбную інфармацыю
Нажаль савецкая улада вынішчыла ўсе здабыткі былых паноў на гэтых землях — ані касцелаў, ані маенткаў не засталося, нават магілаў шляхетскага саслоўя не убачыш. Заходняй Беларусі ў гэтым плане пашанцавала болей — дзе-нідзе сустрэнеш панскую броварню, стайню, а напрыклад у Жэмыслаўлі захавалася усе, можна пабачыць увесь шляхетскі уклад жыцця нашага беларускага шляхціца. Сумна гэта