1 апреля — Международный день птиц. 135 видов птиц обитают в заказнике «Козьянский»

Новости Экология

Вучні Шумілінскай СШ 2 разам з работнікамі Шумілінскага лясгаса ўдзельнічалі ў акцыі «Дзень птушак», падчас якой развешалі сінічнікі ў лесе каля вёскі Ласвіцкія.

Птаства заказніка «Казьянскі» налічвае 135 відаў

Штогод 1 красавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень птушак. Гэта адно з самых старых святаў экалагічнага календара: адзначаюць яго з 1906 года і галоўнай мэтай з’яўляецца захаванне відавой разнастайнасці і колькасці птушак на планеце.

Птушкі з’яўляюцца найбольш распаўсюджанай і шматлікай групай пазваночных жывёл, якая насяляе ўсе экасістэмы планеты, і адыгрываюць адну з найбольш важных роляў не толькі ў прыродзе, але і ў жыцці людзей.

Птушкі аказваюць уплыў на прыродныя біяцэнозы, спажываючы ў вялікіх колькасцях жывёльную і раслінную ежу, спрыяюць распаўсюджванню насення, знішчаюць шкодных для лясной і сельскай гаспадаркі мышападобных грызуноў, насякомых і насенне пустазельных раслін.

Па дадзеных арніта-фаўністычнай камісіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах у краіне зарэгістравана 332 віды птушак. На тэрыторыі Беларусі гняздуецца 238 відаў птушак, большасць з іх з’яўляюцца пералётнымі (мігруючымі), 71 від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Тэрыторыя заказніка «Казьянскі» мае міжнародны статус тэрыторыі,  важнай для птушак. У выніку палявых даследаванняў выяўлена 135 відаў птушак. Усяго на тэрыторыі заказніка прадстаўлена 13 атрадаў з арнітафаўны краіны. 27 відаў уключаны ў апошняе выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, большасць з гэтых відаў маюць статус гняздуючых на дадзенай тэрыторыі. Толькі шызая чайка і беркут выкарыстоўваюць тэрыторыю заказніка ў якасці кармавых угоддзяў.

Акрамя «чырванакніжных» відаў птушак, тут зарэгістравана 12 відаў птушак, якія маюць 2-ю SPEC катэгорыю (віды, сусветная папуляцыя якіх сканцэнтраваная ў Еўропе (больш за 50%) і якія маюць неспрыяльны статус пагрозы) і 26 відаў птушак, якія маюць 3-ю SPEC катэгорыю (віды, сусветная папуляцыя якіх не сканцэнтраваная ў Еўропе, але якія маюць неспрыяльны статус пагрозы).

Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за самавольнае адабранне або знішчэнне птушак, іх гнёздаў і яек, а таксама асяроддзя пражывання птушак, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым акрамя штрафу вінаватай асобе неабходна будзе пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю.

Ірына БЛІЗНЕЦ,

галоўны спецыяліст Шумілінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *