Дарога ў палоне вады
Вось так выглядае зараз дарога на вёску Жданоўка Мішневіцкага сельсавета. Рэчка Обаль выйшла з берагоў і заліла дарогу да вёскі больш як на паўкіламетра. Такой паводкі людзі не бачылі тут апошнія дзесяць гадоў.
Вяскоўцы расказалі, што яшчэ ў суботу, 25 сакавіка, да Жданоўкі можна было прайсці ў рыбацкіх ботах. На наступны дзень вада паднялася прыкладна на метр – на легкавой машыне праехаць было немагчыма. Сітуацыю ўскладніў і снегапад, што ішоў два дні запар.
Мясцовыя людзі загадзя запасліся прадуктамі. «Зараз з вёскі можна выехаць толькі на трактары, – расказала жыхарка Жданоўкі Наталля Дзёміна. – Але ж не ва ўсіх ёсць такая тэхніка. Тыя, каму ў Мішневічы трэба дабірацца на работу, ідуць у абход праз кусты: змайстравалі насцілы з вецця, месцамі ўстанавілі кладкі, на алешніку зрабілі засечкі, каб ніхто не блудзіў. Праўда, па такой “трасе” трэба “нарэзаць” лішні кіламетр, але што зробіш».
Старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Галіна Зязюлька расказала, што такая паводка ў практыцы яе работы ўпершыню. Зараз старэйшына вёскі збірае заяўкі, каму што патрэбна купіць у аўталаўцы. Прадукты даставяць сёння на трактары.
– Разліў рэчкі Обаль перад вёскай Жданоўка – самая вялікая паводка ў раёне, – пракаменціраваў сітуацыю начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. – Служба ратавання вядзе пастаянны маніторынг гідралагічнай абстаноўкі. Пагрозы падтапленняў дамоў і гаспадарчых пабудоў няма. Просім грамадзян захоўваць неабходныя меры бяспекі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.