Ровесница области — 85 лет отметила Валентина Литвин из Добеи

Людзі і лёсы

Рупліўца і падарожніца

16 сакавіка жыхарцы в. Дабея Валянціне Дзмітрыеўне Літвін споўнілася 85 гадоў. Да яе завіталі в. а. старшыні Дабейскага сельвыканкама Аляксей Іспянькоў і мясцовы бібліятэкар Ала Бубен. Жадалі юбіляру здароўя і дабрабыту.

Нялёгкім быў лёс у Валянціны Літвін. Сям’я жыла на Украіне – у сяле Газулы Палтаўскай вобласці. У 1941 годзе бацьку забралі на фронт, праз два гады захварэла і памерла маці. Валі і яе старэйшай сястры Веры прыйшлося туліцца ў суседзяў, якія кармілі іх па чарзе. А ў 1944 годзе дзяўчынак адправілі ў дзіцячы дом. Веру ўдачарылі – і сёстры разлучыліся.

Пасля школы Валя дазналася, што бацька жывы – вярнуўся з вайны без рукі ў родную вёску і ажаніўся там. Дзяўчына вывучылася на бухгалтара і ў 1955 годзе разам з іншымі дзяўчатамі ўзяла накіраванне на цаліну. У Казахстане ўладкавалася бухгалтарам у саўгас, дзе адпрацавала трыццаць гадоў. «Наш саўгас на той час быў адным з лепшых, – згадвае юбіляр. – Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, авёс, ураджаі былі добрыя. Будавалі фермы, разводзілі кароў, быкоў, коней. У саўгасе быў уласны млын, свінаферма. Усе працавалі з энтузіязмам на дабрабыт вялікай краіны. Каб гаспадарка мела дадатковыя грошы, пабудавалі маслабойню і прадавалі сметанковае масла многім прадпрыемствам».

Будучы дарослай, Валянціна Літвін пачала шукаць сястру. На той час многім у пошуках дапамагала пісьменніца Агнія Барто. І Валянціна адважылася звярнуцца да яе, напісала ліст і неўзабаве атрымала адказ. Каб знайсці Веру, на гэта спатрэбілася шмат часу, бо ў сястры было ўжо прозвішча па мужу, яна змяніла месца жыхарства. Сёстры сустрэліся толькі ў 1972 годзе – Валянціна паехала да Веры ў Валгаград. Ішлі гады, адзіны сын Валянціны Сяргей вырас, ажаніўся, разам з жонкай Наталляй нарадзілі пяцёра дзяцей. Сям’я вырашыла паехаць жыць у Шумілінскі раён, да сваіх знаёмых – тут была работа, прадастаўлялі жыллё.

А ў 1991 годзе пераехала да сына і Валянціна Дзмітрыеўна. «Трымалі карову, курэй, свіней, прадавалі дзяржаве малако і мяса, – кажа Валянціна Літвін. – Работы па гаспадарцы хапала. Трэба было і ўнукаў дагледзіць». Самыя чыстыя градкі былі ў Дзмітрыеўны, кажуць суседзі. Самыя смачныя агуркі і першая свежая бульба – на яе агародзе. А яшчэ яна любіла ездзіць у госці да сваякоў і знаёмых у Полацк, Докшыцы. Неаднаразова наведвала Казахстан, дзе жыве адна з унучак. Паехала б і сёлета, але інсульт падкасіў здароўе. Таму цяпер яна дамаседка: любіць чытаць перыядычныя выданні, цікавіцца палітыкай і з’яўляецца самай актыўнай чытачкай жаночых раманаў у Дабейскай бібліятэцы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *