Запаліць сухую траву лёгка, а вось утрымаць і ўтаймаваць агонь немагчыма Неспакойны час наступае для ратавальнікаў — пажаранебяспечны перыяд: сезон палаў. З расставаннем снегу люд-зі пачынаюць наводзіць парадак вакол дамоў, спальваючы смецце і леташнюю траву. І кожны год у гэты час ратавальнікі выязджаюць на сотні, а то і тысячы пажараў, звязаных з сезоннымі паламі.
У 2022 годзе ў краіне адбылося амаль 8 тысяч пажараў у прыродных экасістэмах, на якіх загінулі 17 чалавек. Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём, выпальванне сухой расліннасці.
«Часцей за ўсё ахвярамі такіх пажараў становяцца пенсіянеры, — расказвае першы намеснік начальніка РАНС Алег Даніловіч. — Большасць трагедый адбываецца, калі пры спальванні смецця людзі выкарыстоўваюць лёгказагаральныя вадкасці. Травяныя палы хутка распаўсюджваюцца, асабліва ў ветранае надвор’е. Агонь раздзімаецца дужа імгненна, яго вельмі складана ўтрымаць і спыніць».
Ёсць жадаючыя наводзіць парадак не толькі на асабістых падворках, але і на прыдарожных тэрыторыях. У выніку такіх «генеральных уборак» часам пакутуе прыпаркаваны паблізу транспарт. Нямала выпадкаў, калі палы сухой травы прыводзілі да самых цяжкіх наступстваў — гібелі людзей.
Між іншым, у Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з арт. 16.40 КаАП за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.
«Калі вы ўсё ж вырашылі развесці вогнішча ў сябе на падворку, не варта грэбаваць простымі мерамі засцярогі, — звяртае ўвагу ратавальнік. — Рабіць гэта трэба толькі ў зацішнае надвор’е. Вогнішча лепш разводзіць далей ад будынкаў, лесу ці сціртаў саломы».
Ратавальнікі нагадваюць асноўныя правілы пры развядзенні вогнішчаў, спальванні смецця:
— разводзіць вогнішча варта пры ўмове забеспячэння бесперапыннага кантролю за працэсам гарэння і тлення;
— месца для вогнішча павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці;
— пад рукой неабходна мець ёмістасць з вадой, пяском або вогнетушыцель;
— сыходзячы, неабходна затушыць вуглі да поўнага спынення тлення.
Не праходзьце міма падпаленай травы! Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі паведамляйце пра ўзгаранні ў МНС па нумарах 101 або 112.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.