Тэма генацыду з’явілася ў экспазіцыі
У школьным музеі Мікіціхінскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова адкрылася экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У аснову выставы ляглі матэрыялы, сабраныя Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у ходзе расследавання крымінальнай справы, узбуджанай у красавіку 2021 года па факце генацыду беларускага народа.
У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, лісты з нямецкай няволі, карта спаленых вёсак Лаўжанскага сельсавета, спісы загінуўшых мірных жыхароў. Таксама на выставе прадстаўлена доследная работа «Генацыд на тэрыторыі Лаўжанскага сельскага Савета».
Экспазіцыя створана для захавання памяці аб мільёнах грамадзян, якія сталі ахвярамі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час, а таксама ў мэтах недапушчэння скажэння гістарычных фактаў. Выстава будзе выкарыстоўвацца для правядзення ўрокаў гісторыі і пазашкольных выхаваўчых мерапрыемстваў.
Вялікую дапамогу ў стварэнні экспазіцыі і напісанні доследнай работы аказала пракуратура Шумілінскага раёна і намеснік пракурора Шумілінскага раёна Дзмітрый Уладзіміравіч Арэхва.
Дар’я БАРЫСЕВІЧ, вучаніца 10 класа Мікіціхінскай СШ.
Наталля ГАЛАВАЧОВА, настаўнік гісторыі.