Кто блин не съел, тот весну не встретил. Масленица в Шумилино

Культура Мир увлечений Общество

Хто блін не з’еў, той вясну не сустрэў

  У суботу 25 лютага  ў райцэнтры прайшлі народныя гулянні «Масленіца ў варот – усіх вясёлае свята чакае!».

Масленіца – адно са старажытных святаў, якое захавала папулярнасць і шырока адзначаецца ў нашы дні. Масленічныя святкаванні пачынаюцца за тыдзень да  вялікага посту. У народзе Масленіца спрадвечна лічылася самым сытным святам. У гэты дзень адбываецца  развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыроды і сонечнае цяпло.

На народных гуляннях ў Шуміліне было багата галоўных атрыбутаў масленічнага тыдня – бліноў. 14 інтэрактыўных пляцовак «З пылу з жару!» прапаноўвалі бліны са смятанай і тварагом, з мёдам і варэннем, смажанінай і грыбамі. Нялёгка прыйшлося журы вызначаць лепшых, тым не менш пераможцы былі вызначаны:

у намінацыі «Яркая прэзентацыя інтэрактыўнай пляцоўкі» – Шумілінская цэнтральная раённая бальніца;

у намінацыі «Ой, бліны, мае бліны» – Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый;

у намінацыі «Самая арыгінальная выпечка бліноў» – раённы ўчастак па апрацоўцы пошты Віцебскага філіяла РУП «Белпошта»;

у намінацыі  «Усім блінам блін» – «Сярэдняя школа  №2 імя А. І. Дубасарскага г.п. Шуміліна».

Народнымі песнямі, танцамі, гульнямі і забавамі сустракалі вясну шумілінцы. А якая ж Масленіца без слупа?  Трэба было бачыць, як дзятва спрабавала залезці на яго, але слуп скарыўся самым моцным і спрытным. І такіх аказалася 10 чалавек.

Кульмінацыя свята –  спальванне пудзіла Зімы. Лічыцца, што гэты рытуал сімвалізуе не толькі провады зімы, але і тое, што ў вогнішчы гараць нашы няшчасці, няўдачы і іншы негатыў, накоплены за зіму.

– Бывай, зіма! Прывітанне, вясна!

Алесь САКАЛОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *