Дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Галынчыкам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам 17 лютага прыняла ўдзел ва ўшаноўванні лаўрэатаў абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2022», якое было прымеркавана да юбілейнай даты – 85-годдзя Віицебскай вобласці.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады краіны, міністэрстваў, раёнаў вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі, дэпутаты. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Ермаловіч зачытаў прывітанне Аляксандра Лукашэнкі. Свае віншаванні па відэасувязі перадаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
«Аб’ядноўваючы дзве знакавыя падзеі ў жыцці рэгіёна, мы яшчэ раз падкрэсліваем важнасць і заканамернасць аб’яўленага 2022-га Годам гістарычнай памяці, – сказаў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Гістарычная памяць – гэта тое, што фарміруе любоў, адданасць, павагу да роднай Айчыны, гатоўнасць абараняць і аберагаць сваю Радзіму, тое, што вызначае логіку сацыяльнага быцця».
Урачыстасці ў гэты дзень прайшлі на некалькіх пляцоўках. У Віцебскім аблвыканкаме ўшанавалі ветэранаў працы, заслужаных людзей вобласці і тых, хто сёння прымнажае яе патэнцыял. Падзякі і ганаровыя знакі за заслугі ў развіцці Віцебшчыны ў сувязі з 85-годдзем утварэння вобласці былі ўручаны 82 прадстаўнікам старэйшага пакалення. У іх ліку – і жыхары Шуміліншчыны Пётр Ігнатавіч Кузьмін, які ў свой час працаваў дырэктарам саўгаса «Лаўжанскі», старшынёй райвыканкама, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і Віктар Сяргеевіч Гутараў, былы кіраўнік абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, былы старшыня райвыканкама, зараз дырэктар ТАА «Вежа».
– Менавіта вы закладвалі цаглінка да цаглінкі дабрабыт вобласці, які мы сёння маем, – з такімі словамі звярнуўся да прысутных старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Мы пачынаем урачыстасці менавіта з вас, каб паказаць, што вы самыя галоўныя, і сёння – ваш дзень. Гаворым у чарговы раз вам дзякуй за працу, намаганні, якія вы ўклалі ў справу служэння нашай Радзіме.
Потым у зале пасяджэнняў абласнога Савета дэпутатаў у гонар 85-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці адбылося ўзнагароджанне кіраўнікоў і работнікаў ганаровымі граматамі, падзякамі самага высокага рэспубліканскага ўзроўню. Падзяку Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, паспяховае, узорнае выкананне службовых абавязкаў атрымала Ірына Мікалаеўна Новікава, былы старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, ветэран працы.
Непасрэдна ўшавананне лаўрэатаў абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» прайшло ў канцэртнай зале «Віцебск», дзе была арганізавана выстава-прэзентацыя галін народнай гаспадаркі і культурнай спадчыны паўночнага рэгіёна. На ёй былі прадстаўлены ўзоры прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці.
Завяршыліся ўрачыстасці святочным канцэртам лепшых калектываў Віцебшчыны.
Да слова. Абласная прэмія «Чалавек года Віцебшчыны» заснавана і прысуджаецца з 2010 года жыхарам вобласці за асабісты ўклад у развіццё рэгіёна і высокія паказчыкі ў працы. Сёлета спіс папоўнілі 50 прадстаўнікоў розных прафесій, усіх сфер народнай гаспадаркі і галін: кіраўнікі прадпрыемстваў, рабочыя, жывёлаводы, трактарысты, настаўнікі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і сілавых ведамстваў і г. д.
Алена КАРПУШЭНКА.