У Обалі шыюць льняныя ручнікі
ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» г. Віцебск забяспечвае цэх № 8 у Обалі работай. Прастояў тут няма, заробак расце, адзначаюць швачкі.
Калі ў мінулым годзе ў асноўным шылі трыкатажныя вырабы і загатоўкі для мяккіх цацак, то сёлета накірунак работы памяняўся. «Атрымалі заказ на льняныя ручнікі, – кажа начальнік цэха Валянціна Ізафілава. – Наша задача – іх падрубіць, каб радкі і вугалкі былі роўныя, а этыкетка і назва брэнду “Беларускі лён” былі ў сярэдзіне. На дзень кожнай швачцы даводзіцца заданне зарубіць 210 ручнікоў».
Швачкам Людміле Малюш і Ірыне Бекач (на здымку) падабаецца працаваць з ручнікамі. Гэта добра, адзначылі яны, што работа розная: працуюць і з трыкатажам, і са льном. Праз месяц обальскім швачкам абяцалі работу з мяккімі цацкамі.
«Мы адправілі на «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебск першую партыю гатовых ручнікоў – 900 штук, на падыходзе другая, – працягвае размову Валянціна Ізафілава. – Заданне выконваем. Заробак даходзіць да 700 рублёў, атрымліваем без збояў. Але швачак па-ранейшаму не хапае, таму мы будзем рады, калі да нас прыйдуць новыя кадры».
Ларыса ЗАЙЦАВА.