Пошук новых рашэнняў і рынкаў збыту
Мінуў той час, калі асноўным відам прыбытку ў лясгасе была рэалізацыя круглых лесаматэрыялаў. З’явіліся больш эфектыўныя і сучасныя варыянты зарабіць грошай. Маецца на ўвазе вытворчая дзейнасць. Да нядаўнага часу ў Шумілінскім лясгасе былі наладжаны і адпрацаваны стабільныя пастаўкі прадукцыі дрэваапрацоўкі ў еўрапейскія краіны, пераважна Германію, Літву і Латвію. З увядзеннем эканамічных санкцый кіраўніцтву раённай лясной гаспадаркі прыйшлося «перазагружацца», шукаць новыя віды работ, рынкі збыту, наладжваць лагістычныя маршруты. Пра справы надзённыя, цяжкасці і новыя накірункі ў рабоце ў сённяшніх няпростых рэаліях часу размаўляем з дырэктарам Шумілінскага лясгаса Аляксандрам Лабынцавым.
У асартыменце – колатыя дровы
«Шумілінскі лясгас кожны год развівае новыя накірункі, пашырае пералік выпускаемай прадукцыі. У 2022 годзе для павелічэння выручкі мы дабавілі ў свой асартымент колатыя дровы, – расказвае Аляксандр Лабынцаў. – Знайшлі і заключылі дагаворы на вялікія аб’ёмы, якія дазваляюць займацца вытворчасцю працяглы час – з самага пачатку ацяпляльнага сезона». Для гэтага ў лясгасе наладзілі вытворчы працэс. У 2022 годзе набылі дрывакольны станок, які здольны вырабляць больш за 600 кубаметраў колатых дроў у месяц пры кругласутачнай рабоце. Такія аб’ёмы былі выкананы ў лістападзе, снежні, студзені. Нягледзячы на тое, што складанасцяў у арганізацыі вытворчасці дадалося, цэх лясгаса з кастрычніка працуе круглыя суткі ў 4 змены. Шумілінскаму лясгасу па рэалізацыі экспартных піламатэрыялаў удаецца быць у вобласці ў ліку лепшых.
Шчапа для кацельняў
На тэрыторыі лясгаса функцыянуюць два дрэваапрацоўчыя цэхі – у Шуміліне і ў вёсцы Дрэтунь Полацкага раёна, дзе, зразумела, утвараюцца адходы лесапілення: абрэзкі, аполкі (горбыль – рус.). Каб максімальна эфектыўна распарадзіцца перапрацоўкай, арганізаваць, як кажуць, безадходную вытворчасць, усё перапрацоўваецца ў шчапу прама ў цэхах. У райцэнтры ўстаноўлена для гэтых мэт стацыянарная машына, для Дрэтуні набыта перасоўная. Адлегласць да кацельняў і энергакрыніц вялікая, таму было прынята рашэнне набыць у 2022 годзе таксама сучасны шчапавозны аўтацягнік. «Шчапа рэалізуецца нашаму асноўнаму спажыўцу – УП ЖКГ Шумілінскага раёна, – працягвае кіраўнік лясгаса. – Ёсць у нас абавязацельствы перад Шумілінскім і Полацкім райпаліўзбытамі ў пастаўцы драўніннага паліва. Пастаўкі забяспечваем згодна з дагаворамі ў поўных аб’ёмах. Наладзілі супрацоўніцтва і з Наваполацкім ЖРЭУ». На днях у Шумілінскім лясгасе запусцілі лінію для вытворчасці ацыліндраваных вырабаў, якія плануецца пастаўляць на рынкі краін Сярэдняй Азіі.
Гандлёвыя аб’екты
З 2022 года па прыкладзе іншых лясга саў яшчэ больш пільную ўвагу пачалі ўдзяляць рэалізацыі прадукцыі для насельніцтва. Быў зарэгістраваны гандлёвы аб’ект, дзе прадстаўлена пераважная большасць прадукцыі лясгаса: піламатэрыялы, дровы колатыя, прадукцыя пабочнага карыстання (мёд, венікі лазневыя і г. д.) і дэкаратыўна-пасадачны матэрыял. Для зручнасці насельніцтва ён працуе ў будні да 18.00 і ў суботу да 1 3 .0 0 . Напрыканцы мінулага года ў Віцебску на Бешанковіцкай шашы , непадалёк ад дыскаўнтэра «Ouletmarko» адкрылася спецылізаваная гандлёвая пляцоўка «Лясны домік », дзе прадстаўлена прадукцыя ўсіх лясгасаў паўночнага рэгіёна, у тым ліку і Шумілінскага.
Жывіца ў дадатак
Новым дадатковым накірункам дзейнасці лясгаса ў 2023 годзе стане нарыхтоўка жывіцы – сасновай смалы для Барысаўскага перапрацоўчага завода па вытворчасці каніфолі і шкіпінару (скипидар – рус). Па словах Аляксандра Лабынцава, некалькі лясгасаў Віцебшчыны зоймуцца такой справай. У Шумілінскім лясгасе на гэтыя мэты вырашана адвесці першапачаткова 50 гектараў лесу. У асноўным нарыхтоўка будзе весціся на тэрыторыі Полацкага раёна з красавіка па верасень, як патрабуюць тэхналагічныя нарыхтоўчыя патрабаванні. Як бачым, дзейнасць шумілінскіх лесаводаў даўно не абмяжоўваецца непасрэднымі задачамі – вядзеннем лясной гаспадаркі, прыходзіцца своечасова рэагаваць на патрэбы рынку, грамадства, часу .
Работа ва ўмовах санкцый – гэта не толькі цяжкасці, але і добры штуршок да пошуку новых рашэнняў і рынкаў з быту .
Тэкст і фота Алены КАРПУШЭНКА.