За тыдзень – 132 парушэнні
У рамках рэспубліканскай акцыі “Зрабі паездку бяспечнай” карэспандэнт раённай газеты разам з начальнікам ДАІ РАУС М. У. Гаралевічам на мінулым тыдні правяраў вадзіцеляў і пешаходаў на аўтадарогах Лаўжанскага і Обальскага сельсаветаў.
У Мікіцісе начальнік ДАІ спыніў больш за дзесяць аўтамабіляў, тры трактары, выявіў шэраг парушэнняў. Жыхар Шуміліна, які ехаў на “Фольксвагене”, перавысіў хуткасць (ехаў з хуткасцю 75 км/гадз.), ён заплаціў штраф памерам у адну базавую велічыню.
Тры вадзіцелі на аўтадарозе Р-20 ехалі з непрышпіленымі рамянямі бяспекі. “Мне так зручней, вось і не прышпільваюся”, – сказаў ў сваё апраўданне віцяблянін. Дарэчы, ён трапляецца ў поле зроку дзяржаўтаінспектараў за падобнае парушэнне сёлета ўжо другі раз. Мужчыну пагражае штраф ад двух да пяці базавых велічынь. Яшчэ двум вадзіцелям легкавушак (абодва жыхары раёна), якія не прышпіліліся рамянямі бяспекі ў першы раз, прыйшлося заплаціць па 35 тысяч рублёў штрафу.
На тэрыторыі Обальскага сельсавета ў гэты дзень усе вадзіцелі выконвалі Правілы дарожнага руху. На жаль, гэтага не скажаш пра пешаходаў. На працягу гадзіны начальнік ДАІ аштрафаваў у Обалі двух пешаходаў, якія пераходзілі дарогу на вуліцы Вышалескага ва неўстаноўленым месцы. І гэта нягледзячы на тое, што на абочыне стаяла міліцэйская машына. Ім пагражае штраф ад адной да трох базавых велічынь.
Па словах М. У. Гаралевіча, усяго за тыдзень рэспубліканскай акцыі “Зрабі паездку бяспечнай” на тэрыторыі нашага раёна было выяўлена 132 парушэнні Правілаў дарожнага руху, аштрафавана 11 пешаходаў.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.