З 23 студзеня стартуе рэспубліканская акцыя «Бяспека – у кожны дом»
У большасці выпадкаў вогненныя надзвычайныя здарэнні – гэта вынік бестурботнасці і пагарды правіламі бяспекі. Таму з мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей ад іх у краіне з 23 студзеня па 10 лютага 2023 года стартуе прафілактычная рэспубліканская акцыя «Бяспека – у кожны дом!».
Разам са стартам акцыі пачынаецца і агляд-конкурс «Наш бяспечны дом», накіраваны на прывядзенне ў пажарабяспечны стан дамоў і кватэр, зніжэнне колькасці пажараў і павышэнне пісьменнасці ў галіне пажарнай бяспекі.
Акцыя пройдзе ў 3 этапы. На першым – з 23 па 27 студзеня –у цэнтры ўвагі ратавальнікаў будуць асобы, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. «Цвярозы погляд на бяспеку» – пад такім дэвізам аб’яднаюць свае намаганні ў прафілактыцы пажараў ратавальнікі і зацікаўленыя службы.
На другім этапе, які пройдзе з 30 студзеня па 8 лютага, увага арганізатараў акцыі перамесціцца на студэнтаў (вучняў выпускных класаў школ), а таксама на сталых грамадзян і жыхароў сельскіх населеных пунктаў. Для апошніх запланавана мерапрыемства «Скарбонка беспекі», якое пройдзе на базе сельскіх дамоў культуры. Не пакінуць без увагі старэйшае пакаленне і ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання.
З 9 лютага пачнецца фінальны этап акцыі. Традыцыйна ратавальнікі разгорнуць інтэрактыўныя пляцоўкі ў месцах масавага знаходжання людзей: гандлёвых цэнтрах, адкрытых пляцоўках.
На розных этапах акцыі да ратавальнікаў далучацца работнікі іншых службаў і арганізацый, актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.
У рамках інфармацыйнай кампаніі «Бяспечная старасць» ратавальнікі нагадаюць паклапаціцца не толькі пра сваю бяспеку, але і сталых бацькоў. Своечасова правярайце стан электраправодкі ў домаўладанні, не дапускайце курэнне ў ложку, не пакідайце малалетніх дзяцей без нагляду, а таксама сочыце за станам пячнога ацяплення.
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар РАНС.