Аляксандр Дубко – чалавек-легенда
14 студзеня спаўняецца 85 год з дня нараджэння Героя Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Іосіфавіча ДУБКО, ураджэнца Шумілінскага раёна
Сваім настаўнікам яго называлі многія вядомыя кіраўнікі рознага рангу.
Сакрэты яго гаспадарчага таленту запатрабаваныя і сёння. Аляксандр Дубко ўваходзіць у эліту старшынскага корпусу Беларусі. Узначальваючы калгас «Прагрэс» Гродзенскага раёна, ён вывеў яго на «касмічную арбіту». Пазней эфектыўна кіраваў вобласцю. Яго ведалі, любілі і паважалі не толькі на Гродзеншчыне, але і па ўсёй краіне.
Аляксандр Дубко нарадзіўся ў вёсцы Ілава Шумілінскага (на той час Сіроцінскага) раёна. Бацька памёр, калі Аляксандру было два месяцы. А праз два гады грымнула вайна. Пасля былі цяжкія пасляваенныя гады. Хлопчык пасталеў, так і не пабачыўшы шчаслівага дзяцінства. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (зараз – аграрны ўніверсітэт). З гэтага моманту з Гродзеншчынай звязана ўсё жыццё Аляксандра Дубко. Падчас вучобы ў інстытуце праявіліся лідарскія якасці Аляксандра. Прычым найперш у спорце: Дубко быў выдатным баскетбалістам. Гэта адыграла сваю ролю падчас размеркавання. Каб захаваць спартсмена ў інстытуцкай камандзе, у 1960 годзе яго размеркавалі ў Гродзенскі раён у вучгас «Станіславова». Тут малады спецыяліст шэсць год набіраўся вопыту на розных пасадах, у 1963 годзе ўзначаліў вучгас.
Каханне на ўсё жыццё
Са сваёй будучай жонкай Аляксандр пазнаёміўся падчас вучобы. Прыгажуня першакурсніца Эма Мялешчанка прыцягнула ўвагу Аляксандра, які быў на чацвёртым курсе. Пазнаёміліся на інстытуцкай спартакіядзе, дзе абодва гулялі ў баскетбольных камандах за свае курсы. Праз два гады пажаніліся. Нарадзілі і вырасцілі дваіх сыноў – Аляксандра і Уладзіміра, якія пайшлі па бацькоўскіх слядах, сталі аграномамі і працавалі ў аграпрамысловым комплексе краіны. Сёння ўжо выраслі ўнукі, падрастаюць праўнукі.
Малады, перспектыўны
Кіраўніцтва вобласці заўважыла маладога кіраўніка вучгасу. У 1966 годзе Аляксандру Дубко прапанавалі пасаду начальніка Бераставіцкага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Ён хутка ўвайшоў у курс спраў. Вучыўся сам, вучыў людзей лічыць капейку. Адзін за адным калгасы пазбаўляліся ад даўгоў. За чатыры гады ў раёне на трэць вырасла ўраджайнасць зерневых, бульбы, цукровых буракоў.
У 1970 годзе Аляксандру Іосіфавічу прапанавалі пасаду дырэктара спецыялізаванага трэста малочна-агароднінных саўгасаў Гро-дзенскай вобласці. Два гады ён кіраваў трэстам. І тут нечаканая прапанова першага сакратара Гродзенскага райкама партыі Антаніны Беляковай узначаліць лепшы ў раёне калгас «Прагрэс» у Верцялішках.
У тыя гады «Прагрэс» звязаны з імем легендарнага старшыні Фёдара Сянько, які ўзначальваў гаспадарку з 1959 да 1972 года, а ў 1971 стаў Героем Сацыялістычнай Працы і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР за будаўніцтва новага віду калгаснай сядзібы катэджнага тыпу з поўным пакетам сацыяльнай інфраструктуры. Фёдар Сянько стаў першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама і падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Дубко на месца старшыні калгаса «Прагрэс».
Высокая мэта – высокі вынік
Планы новага старшыні былі амбіцыйныя. «Трэба развівацца, узбуйняцца, будавацца, ужываць новыя тэхналогіі», – паставіў задачы перад спецыялістамі гаспадаркі Аляксандр Іосіфавіч. За гады яго старшынства гаспадарка двойчы ўзбуйнялася і павялічылася ў пяць разоў. Калгас наладзіў цесныя сувязі з ВНУ, навукова-даследчымі інстытутамі, у ім выпрабоўваліся тэхналогіі апрацоўкі глебы, унясення арганічных і мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін. Ураджаі раслі з года ў год. Праз дзесяць год «Прагрэс» намалаціў 46 ц/га зерневых культур. У 1982 годзе Аляксандру Дубко прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яго выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, СССР.
За 23 гады кіраўніцтва Дубко гаспадарка ператварылася ў шматгаліновае прадпрыемства, у якім не толькі выраблялася сельскагаспадарчая прадукцыя, а і ажыццяўлялася яе перапрацоўка.
Кіраўнік вобласці
У 1994 годзе абраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вопытнаму гаспадарніку пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Кіраўніцкі талент Аляксандра Дубко дазволіў шмат зрабіць па вываду вобласці з крызісу. У старшыні аблвыканкама было многа планаў і задумак. Але пастаянная знясільваючая работа не магла не адбіцца на здароўі. 4 лютага 2001 года Аляксандр Дубко памёр. У знак прызнання заслуг Аляксандра Іосіфавіча Дубко перад дзяржавай і грамадствам 30 чэрвеня Указам Прэзідэнта краіны яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Беларусі.
Памяць. Спадчына
Фундамент, закладзены Аляксандрам Дубко, дазволіў СВК «Прагрэс-Верцялішкі» заставацца да цяперашняга часу адным з вядучых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу краіны. Вучань і паслядоўнік Аляксандра Дубко Васіль Рэвяка, які ўзначаліў гаспадарку, таксама стаў Героем Беларусі.
Імя Аляксандра Дубко носяць вуліцы ў Гродне і Верцялішках. Прэміі Гродзенскага аблвыканкама для творчай і вучнёўскай моладзі таксама носяць яго імя, як і міжнародныя спартыўныя турніры па хакеі і баскетболе, якія праводзяцца ў Гродне. Імя славутага земляка А. І. Дубко занесена на Алею Славы у г. п. Шуміліна.
Па матэрыялах з адкрытых крыніц.