У гарадскім парку будуецца кафэ «Калібры»
ТАА «СвеЛарыс» набыло будынак былога кафэ «Клякса» ў гарадскім парку і зараз ва ўсю займаецца будаўніцтвам новага кафэ.
«Будаўніцтва кафэ – справа сямейная, – расказала дырэктар таварыства Кацярына Ізафілава. – Сузаснавальнікам бізнесу, непасрэдным дарадцам і памочнікам з’яўляецца мая маці. Кафэ, якое будзе называцца “Калібры”, плануем адкрыць да лета. Мяркуем тут гатаваць комплексныя гарачыя абеды, будзе выпечка, марожанае, іншая смаката. Так што кафэ задаволіць патрэбы дарослых і дзяцей. Тут можна будзе адзначыць карпаратыўныя святы, дні нараджэнняў і нават невялікія вяселлі. Зразумела, што з адкрыццём кафэ адкрыем новыя рабочыя месца для Шуміліна – нам патрэбныя будуць повар, памочнік па кухні, афіцыянт, бармен».
Пры будаўніцтве за аснову ўзялі стары фундамент, праўда, яго крыху пашырылі. Будаўнічая брыгада на месцы вырабіла каркас з металу. Памяшканне абабілі сайдынгам, устанавілі вокны і дзверы, накрылі дах. Зараз вядуцца ўнутраныя работы па ўцяпленні і правядзенні электраправодкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.