22 декабря свой профессиональный праздник отмечают работники районного участка «Энергосбыт»

Главное Общество Экономика

І лічыльнік памяняем, і крадзеж знойдзем

22 снежня сваё прафесійнае свята адзначае калектыў, які адносіцца да кагорты энергетыкаў, – раённы вытворча-збытавы ўчастак філіяла «Энергазбыт». Наша сённяшняя размова з начальнікам Іванам АНДРЭЕВЫМ пра задачы, якія вырашае арганізацыя.

– Іван Уладзіміравіч, раскажыце пра спецыфіку работы «Энергазбыту».

– Асноўнымі задачамі ўчастка з’яўляюцца рэалізацыя электраэнергіі па дзеючых тарыфах, кантроль за станам абаненцкай запазычанасці і яе зніжэнне, за выкананнем спажыўцамі ўстаноўленых велічынь і рэжымаў спажывання электраэнергіі. Таксама  сочым за эксплуатацыяй прыбораў уліку, робім іх замену, кантралюем дакладнасць пададзеных абанентамі дадзеных, вядзем работу па выяўленні безуліковага спажывання электраэнергіі і яе крадзяжоў.

На ўліку 5501 бытавы абанент у Шуміліне і Обалі, 6567 – на сяле. 90 абанентаў выкарыстоўваюць электраацяпленне, і  іх колькасць пастаянна расце. За месяц жыхары раёна спажываюць больш за 3 млн кВт*г электрычнай энергіі.

– Зараз вы  актыўна ўстанаўліваеце аўтаматызаваныя сістэмы кантролю і ўліку электраэнергіі. Што дае гэта звычайнаму абаненту?

– З’яўляецца магчымасць перадачы дадзеных спажываемай электраэнергіі праз уладкаваны радыёмодуль на камп’ютар. Інакш кажучы, чалавеку не трэба глядзець на лічыльнік. У першыя суткі месяца ў 0.00 гадзін ідзе збор інфармацыі пра спажытую электраэнергію, затым яна перадаецца ў базу, а спажыўцу з 6 чысла проста трэба заплаціць за яе. На сённяшні дзень  7391 абанент падключаны да праграмы аўтаматызаванай сістэмы кантролю і ўліку электрычнай энергіі «АСКУЭ-быт», гэта 57,7% ад агульнай колькасці бытавых спажыўцоў. Да канца 2025 года да праграмы будуць падключаны ўсе абаненты. І тут адразу хачу адзначыць інжынера  Ірыну Сяргееву і кантралёра  Валянціну Балаболаву, на якіх пераважна і ляжыць апрацоўка дадзеных.

– Адна з вашых задач – выяўленне тых, хто карыстаецца электраэнергіяй у абыход лічыльніка. Ці шмат такіх фактаў у раёне?

– На жаль, некаторыя сапраўды імкнуцца падмануць, абыходзячы электралічыльнік. Толькі з пачатку года мы выявілі 56 такіх выпадкаў агульным аб’ёмам 264 тысяч кВтг.

– Вы ўжо год як працуеце ў новым памяшканні ў цэнтры Шуміліна па вуліцы Луначарскага. Ці змянілася што ў рабоце? Кліентаў стала больш?

– Разлікова-касавы цэнтр працуе  з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 20.00, у суботу – з 9.00 да 17.00. Нашы спецыялісты Таццяна Занковіч і Святлана Філімовіч даюць кансультацыі па рабоце прыбораў уліку, ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Тут жа на месцы можна аплаціць электраэнергію, перааформіць дагавор.

Канечне, нагрузка на работнікаў разлікова-касавага цэнтра ўзрасла. Так, сёлета з пачатку года праз цэнтр прайшлі 4044 чалавекі, за такі ж перыяд, калі мы былі на вуліцы Зялёнай, – 2478.

– Некалькі слоў скажыце пра ваш калектыў.

–  Колькасць работнікаў раённага ўчастка на сённяшні дзень складае 16 чалавек. Гэта інжынеры, электраманцёры, вадзіцелі,  кантралёры, спецыялісты разлікова-касавага цэнтра, прыбіральшчык. Пра кожнага можна сказаць шмат добрых слоў.

Найперш адзначу інжынера Міхаіла Палаўкова. У энергазбыце працуе 15 год, ведае самыя дробныя нюансы работы, актыўна дапамагае маладым спецыялістам, перадае ім свае прафесійныя веды і, што таксама важна, вельмі адкрыты і шчыры чалавек.

Кантралёрам, якія робяць абход кватэр і дамоў,  трэба і агульную мову з карыстальнікамі знайсці, і час зручны для кліента падабраць. З гэтым добра спраўляюцца Валянціна Лялюга, Любоў Бяляева, Ала Самайловіч і Вольга Бяззубенка. Ухвальных слоў заслугоўваюць электраманцёры  Аляксей Сцепаненка і Ігар Зянькоў, вадзіцелі-электраманцёры Дзмітрый Спірыдаў і Юрый Яўсейчык. А клопаты пра чысціню і добраўпарадкаванне кладуцца на рукі Анастасіі Нікуленка.

Хачу ўсіх сённяшніх работнікаў участка, ветэранаў, а таксама кожнага спажыўца электрычнай энергіі павіншаваць са святам – Днём энергетыка. Поспехаў і святла вам у працы і сямейнага дабрабыту!

– Дзякуй за размову!

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *