Для будучых афіцэраў
На мінулым тыдні ў шумілінскіх СШ №1 і СШ №2 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і адасобленай групы ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў са старшакласнікамі. Сустрэчы з будучымі абітурыентамі правялі выкладчык факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі маёр Яўген Вашчук і начальнік адасобленай групы АРВК падпалкоўнік Андрэй Собін.
Андрэй Собін расказаў пра ваенныя спецыяльнасці, якія можна атрымаць у розных вышэйшых навучальных установах. Таксама вучыцца на афіцэра можна ў ВНУ Расіі. Андрэй Міхайлавіч расказаў пра спецыфіку ўступнай кампаніі для будучых афіцэраў.
Вядучай ВНУ, дзе рыхтуюць афіцэраў, па-ранейшаму застаецца Ваенная акадэмія Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца галоўнай захавальніцай традыцый ваеннай адукацыі і падрыхтоўкі. Яўген Вашчук расказаў старшакласнікам пра гісторыю стварэння і накірункі дзейнасці акадэміі, навукова-педагагічны патэнцыял установы, вучэбна-матэрыяльную і ваенна-тэхнічную базы, правілы прыёму ў акадэмію. Падрабязна спыніўся на тэрмінах правядзення асноўных этапаў прыёмнай кампаніі, асаблівасцях і ўмовах паступлення на ваенныя спецыяльнасці, нарматывах і патрабаваннях да здачы ўступных выпрабаванняў па фізічнай падрыхтоўцы. Акрамя гэтага, расказаў вучням пра жыллёва-бытавыя ўмовы курсантаў, іх матэрыяльнае забеспячэнне, штомесячныя выплаты і матэрыяльную дапамогу. Былі акрэслены перавагі навучання ў Ваеннай акадэміі. Заняткі з курсантамі праводзяць больш за 700 высокакваліфікаваных выкладчыкаў, з іх 230 – з навуковымі ступенямі і званнямі, у тым ліку 15 прафесараў. Многія носяць ганаровыя званні заслужаных дзеячоў навукі і тэхнікі, заслужаных работнікаў вышэйшай школы, заслужаных вынаходнікаў і рацыяналізатараў.
Старшакласнікі даведаліся пра дзевяць факультэтаў, сем з якіх прымаюць абітурыентаў адразу пасля заканчэння школы (гэта факультэты сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, агульнавайсковы, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення). Пасля заканчэння любога з іх выпускнік, акрамя ваеннай, атрымлівае яшчэ і грамадзянскую спецыяльнасць, напрыклад, інжынерна-тэхнічную або гуманітарную. Навучанне адбываецца толькі на дзённай форме. На час навучання курсанты атрымліваюць усе віды забеспячэння. Двойчы на год (зімой і летам) курсантам прадастаўляецца канікулярны водпуск.
Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ўсім выпускнікам акадэміі гарантуецца працаўладкаванне, годная аплата працы, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, сацыяльныя гарантыі.
Знаёмства з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь суправаджалася прэзентацыяй пра ўстанову.
У Шумілінскай СШ №2 ёсць два кандыдаты стаць афіцэрамі – Данііл Аўчыннікаў і Сяргей Сабалеўскі. Андрэй Собін і Яўген Вашчук пагутарылі з Даніілам, далі яму дэталёвыя рэкамендацыі і парады наконт будучага паступлення.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.