У Лізаветы Паўлючэнка – трэцяе месца
Стварыць атмасферу творчасці, даць вучням школ краіны падзяліцца сваімі напрацоўкамі – менавіта з гэтай мэтай Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк праводзіць рэспубліканскі тыдзень «Юнацтва. Інтэлект. Будучыня». У рамках тыдня прайшоў рэспубліканскі анлайн-конкурс камп’ютарных распрацовак патрыятычнага накірунку «Патрыёт.by», дзе вучаніца Мішневіцкай школы
Лізавета Паўлючэнка заняла трэцяе месца.
Сямікласніца Ліза Паўлючэнка ўдзельнічала ў такім конкурсе ўпершыню. «Настаўніца інфарматыкі Надзея Барысаўна Бабаева прапанавала мне паспрабаваць свае сілы, і я згадзілася, – кажа дзяўчынка. – Мы разам выбралі намінацыю “Запішам яркія радкі ў гісторыю краіны”. Для мяне і для маіх аднагодкаў заўсёды цікавыя незвычайныя ўрокі. Таму я вырашыла стварыць камп’ютарную гульню “Беларусь у маім сэрцы”, прысвечаную Году гістарычнай памяці. Па розных тэмах – гісторыя, навука, культура, спорт, адукацыя – падбірала цікавыя пытанні з гісторыі нашай краіны. Больш абапіралася на гісторыю сваёй вобласці: падабрала цікавыя пытанні пра Ефрасінню Полацкую, Марка Шагала, пра першы трамвай у Віцебску, пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. На стварэнне камп’ютарнай гульні спатрэбілася каля двух месяцаў, і мяне гэта работа вельмі захапіла».
Як аказалася, час быў патрачаны не дарэмна – Лізавета Паўлючэнка заняла першае месца ў раёне, другое – у вобласці, трэцяе – у рэспубліцы. Да слова, на рэспубліканскім этапе прымала ўдзел больш за шэсцьдзясят удзельнікаў.
Камп’ютарная гульня «Беларусь у маім сэрцы» не толькі пазнавальная, але і навучальная. Яна прайшла апрабаванне ў сярэдніх класах Мішневіцкай школы. Творчага праекта Лізаветы Паўлючэнка пакуль няма ў інтэрнэце, але ж звярнуцца за гульнёй можна ў цэнтр дзяцей і моладзі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.