Працоўных месцаў больш, чым жадаючых
23 лістапада ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прайшоў кірмаш вакансій.
На мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі сельгасарганізацый, ПМК-70 і райбальніцы, якім патрэбны працоўныя рукі. ААТ «АграБаравінка», напрыклад, патрэбны заатэхнік, галоўны ветурач, брыгадзір на ферму, аператар машыннага даення, галоўны бухгалтар і галоўны інжынер. І калі зайшоў мужчына, які можа працаваць інжынерам па працаёмкіх працэсах, яму адразу прапанавалі прыехаць у гаспадарку для гутаркі.
Жанчыну, агранома па спецыяльнасці, работа па прафесіі ў СФГ «Раднік» не задавальняла, бо вельмі далёка. Яна згадзілася падумаць наконт пасады брыгадзіра на ферме ААТ «АграБаравінка». Дарэчы, у гаспадарцы свабодныя два дамы прысядзібнага тыпу, і кіраўніцтва рада запрасіць сям’ю, якая ўладкуецца на прадпрыемства. «АграБаравінка» прызначыла сустрэчу і жанчыне-бухгалтару.
Жыхар райцэнтра, які доўгі час ездзіў на заробкі, прасіў падабраць яму любую рабочую спецыяльнасць і быў задаволены, калі спецыяліст па кадрах ПМК-70 запрасіла прыйсці на гутарку да дырэктара. На прад-прыемстве ёсць вакансіі муляра, тынкоўшчыка, цесляра.
Работнік аддзела кадраў райбальніцы ў гэты дзень не падабраў сабе ніводнага работніка. А свабодныя ў медыцынскай галіне 19 вакансій, сярод якіх – урачы, загадчыкі ФАПаў, рабочыя, слесары-сантэхнікі, слесары-электрыкі. Мікалаеўскай бальніцы тэрмінова патрабуецца повар. На кірмаш звярнуліся шэсць непрацуючых грамадзян. А вакансій на сёнешні дзень у раёне 119. Пераважная большасць з іх патрабуе пэўнай прафесіі ці спецыяльнай адукацыі. Не хапае ветурачоў, аграномаў, заатэхнікаў, інжынераў, бухгалтараў, энергетыкаў, фармацэўтаў, правізараў, псіхолагаў, бібліятэкараў, педагогаў-арганізатараў.
На некаторыя вакансіі можна пайсці і з сярэдняй адукацыяй. У раёне патрэбны жывёлаводы, механізатары, вадзіцелі, зваршчыкі, слесары-сантэхнікі, аператары машыннага даення, токары, тынкоўшчыкі, вальшчыкі лесу і інш.
І не кажыце цяпер, што ў раёне няма дзе працаваць. Было б жаданне…
Ларыса ЗАЙЦАВА.