Народному театру Шумилинского центра культуры — 55 лет

Культура Новости Общество

 Жыць і радаваць гледачоў новымі спектаклямі

30.11.2022. Заместитель председателя Шумилинского райисполкома Ирина Шалахова вручает режиссёру Татьяне Богдановой Почётную грамоту райисполкома, которой награждён народный театр

Народнаму тэатру Шумілінскага раённага цэнтра культуры 30 лістапада 2022 г. спаўняецца 55 год.

 

У 1967 годзе на базе Шумілінскага Дома культуры быў створаны тэатральны калектыў пад кіраўніцтвам Г. К. Ганчарова. Генадзь Ганчароў прыехаў у Шуміліна ў 1964 годзе, калі Дом культуры месціўся ў невялікім драўляным будынку. У тэатральным гуртку было сем чалавек, і маладому рэжысёру спатрэбілася шмат папрацаваць, каб стварыць з самадзейных артыстаў тэатральную трупу.

Руководитель народного театра Геннадий Гончаров и фольклорный коллектив «Гульбичи» на репетиции спектакля «Чечотка». 1977.

 З успамінаў Г. К. Ганчарова:

– Давайце паспрабуем паставіць спектакль па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка», – прапанаваў я аднойчы акцёрам. Пачаліся напружаныя рэпетыцыі. Усе старанна рыхтавалі свае ролі. «Паўлінка» мела вялікі поспех у гледачоў раённага цэнтра і навакольных вёсак.   Потым наш калектыў ставіў «Трыбунал» А. Макаёнка, «Прымакі» Я. Купалы, «Недаступны» Я. Коласа, «Фараоны» А. Каламійца, «Юнасць бацькоў» Б. Гарбатага, «Вяселле ў Малінаўцы» А. Аляксандрава і іншыя.

 Захапленні рэжысёра народным фальклорам, ваеннымі калізіямі і гістарычнымі падзеямі розных эпох знайшлі адлюстраванне ў тэатральных пастаноўках. Асабліва ўдалымі атрымліваліся п’есы, у якіх было шмат народнага гумару.

 З успамінаў Л. І. Цыркуновай, кіраўніка народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы»:

– Разам з рэжысёрам народнага тэатра Генадзем Ганчаровым пачалі збіраць матэрыялы аб жыцці шумілінцаў, выязджаючы ў фальклорныя экспедыцыі на раёне. Вынікам гэтай працы сталі тры спектаклі, якія былі паказаны ў 1970-я гады: «Вяселле на Шуміліншчыне», «Чачотка» створаны на падставе радзіннага абраду,  «Як кум да кумы залятаў» – па хрэсьбінах і радзіннаму абраду. Аўтарам сцэнарыяў і пастаноўшчыкам усіх спектакляў выступаў Генадзь Ганчароў. Музыку да апошняга спектакля напісаў шумілінскі музыка і кампазітар Анатоль Міхееў. Абрадавыя песні, якія гучалі ў пастаноўках, спявала вакальная жаночая група, якой я кіравала.

 Наогул рэжысёр імкнуўся выбіраць рэпертуар такі, які нідзе не ставяць. Як гаварыў ён сам: «У рэпертуары пераважае жанр сялянскі, народны, таму што мае акцёры самі з народу».

Праз народны тэатр прайшло шмат творчых людзей. Кагосьці ўжо няма з намі, хтосьці на заслужаным адпачынку, але памяць пра іх творчую дзейнасць засталася ў старых фотаздымках. Гэта М. А. Кароткін, М. У. Куляшоў, І. Я. Канін, А. У. Лабоха, В. К. Міхееў, В. С. Шыянаў, Г. М. Ерашонак, Л. І. Якаўлева, В. А. Ратнікава, З. М. Фурс, І. М. Бураў, В. П. Яўланава і інш.

А. А. Петухоў, В. Г. Навіцкая, С. Я. Бачкоў, А. А. Грыгор’ева, Ю. В. Раманаў, С. У. Якаўлева і іншыя зараз працуюць у розных сферах, але добра памятаюць сваё захапленне тэатрам і яго гастролі.

 Даведка

Юрый Раманаў і Сяргей Бачкоў, якія прыйшлі ў калектыў хлопцамі, у далейшым звязалі сваё жыццё з тэатрам.

Юрый Раманаў доўгі час быў кіраўніком народнага тэатра мініяцюр «БУФ» Шумілінскага раённага цэнтра культуры.

Сяргей Бачкоў працаваў рэжысёрам і акцёрам Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, потым стварыў тэатр-студыю «Бачонак» у Гродне. С. Я. Бачкову прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».

 Вялікую дапамогу ў станаўленні тэатра аказаў шумілінцам акцёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Заслужаны артыст БССР Г. С. Дубаў.

Час ідзе, і нягледзячы на змены рэжысёраў, тэатр працягвае сваю творчую работу, стварае розныя па жанрах спектаклі, радуе гледача, нясе ў грамадства ідэалы дабрыні і справядлівасці.

З 2007 года рэжысёрам народнага тэатра з’яўляецца Таццяна Багданава – чалавек энергічны, жыццярадасны, творчы. Яна працавала мастаком-пастаноўшчкам у тэатры пад кіраўніцтвам Г. К. Ганчарова. Яна нацэльвае калектыў на дасягненне высокіх мэт і пастаянны рух наперад.

У 2007 годзе калектыў атрымаў дыплом «За лепшы акцёрскі склад» абласнога агляду-конкурсу «Тэатральная вясна». На пастаноўку спектакля «Стомлены Д’ябал» быў выдзелены грант Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2012 годзе дыпломам 3-й ступені быў адзначаны спектакль па п’есе В. Ткачова «Жаночы вулей».

«Тэатральная вясна-2014» прынесла трэцяе месца за спектакль «Гутен таг – я ваш вораг». На абласным аглядзе-конкурсе 2016 года спектакль па п’есе М. Камалеці «Гуляем у дружную сям’ю, або гарнір па-французску» атрымаў дыплом «Сімпатыі гледачоў», у 2018 годзе пастаноўка «№13» (Р. Куні) адзначана ў намінацыі «За сцэнічнае ўвасабленне вобразаў», у 2020 годзе на дыстанцыйным аглядзе спектакль па п’есе М. Гурскага «Кадрыля» стаў лаўрэатам другой ступені. Пры гэтым адзначалася і работа асобных акцёраў тэатра.

Спекаткль «Играем в дружную семью или завтрак по-французски». 2016.

Дарэчы, вельмі падабаецца юным шумілінцам і традыцыйны навагодні падарунак народнага тэатра – спектакль-казка. Гледачы ўжо ацанілі спектаклі «Белая птушка», «Марозка», «Царэўна-жабка», «Папялушка», «12 месяцаў» і іншыя.

Сёння тэатр жыве актыўна і напружана, ён аб’ядноўвае 18 таленавітых, творчых артыстаў, якія працуюць у розных арганізацыях раёна. Яны рыхтуюць новыя спектаклі, якіх з нецярпеннем чакаюць жыхары раёна.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Фота з архіва народнага тэатра Шумілінскага РЦК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *