10 рублёў коштам у 3 гады
Алена (імёны зменены па этычных меркаваннях) у свае амаль 50 год мае некалькі судзімасцяў. Яна абавязаная асоба. Апошні тэрмін (1,5 года зняволення) атрымала за тое, што не кампенсавала сродкі, якія дзяржава затрачвае на выхаванне яе дзяцей.
Менш чым месяц назад Алена выйшла на волю. На работу нават не думала ўладкоўвацца, бо ёй трэба было адзначаць сваё вызваленне – у любых кампаніях, галоўнае, каб было спіртное.
У той дзень Алене вельмі хацелася выпіць, але і грошай не было, і кампанія не знаходзілася. Яна даведалася, што да суседзяў прыехаў сын з Віцебска, і вырашыла паспытаць шчасця там. Бацькі мужчыны адказалі, што Аляксей нецвярозы спіць, і яна наўрад ці зможа яго разбудзіць. Жанчына настаяла на сваім, але разбудзіць знаёмага не змагла. Затое залезла ў яго кішэню і выцягнула 10 рублёў.
Радасная пабегла ў бліжэйшую краму, дзе за ўкрадзеныя грошы набыла дзве бутэлькі віна і пачак цыгарэт. Дома пачала распіваць спіртное. Прыступіла да другой бутэлькі, а тут Аляксей прыбег і пачаў пытацца пра грошы. Не пачуўшы адказу, пачаў пагражаць Алене. Жанчына выклікала міліцыю. Пазней Алена і Аляксей памірыліся.
«Толькі вось была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да Алены, – расказвае старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Кацярына Каяновіч. – Справа ў тым, што калі крадзеж здзейснены з ручной паклажы ці кішэні без ведама пацярпелага, крымінальная справа ўзбуджаецца незалежна ад сумы скрадзенага».
Зараз праводзіцца расследаванне, устанаўліваюцца падрабязнасці. Скрадзеныя 10 рублёў могуць вельмі дорага каштаваць Алене, бо санкцыі па дадзеным артыкуле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць да 3-х год пазбаўлення волі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.