36-й день рождения Шумилинский историко-краеведческий музей встретил в новом здании

Культура Новости

Другое дыханне, жывы інтарэс

22 лістапада, Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей прымае віншаванні, бо святкуе 36-ты дзень нараджэння. З якім настроем і здабыткамі адзначае ўстанова свята, пацікавіліся ў дырэктара Святланы Івановай.

 

– Хочацца пачаць з самай значнай для музея падзеі гэтага года, – пачала Святлана Іванова. – 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці краіны Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей памяняў месца прапіскі, пераехаўшы ў рэканструяваны будынак з абноўленымі пашыранымі экспазіцыямі, чаму мы бясконца рады.

На сённяшні дзень асноўныя фонды музея налічваюць 12 тысяч 600 экспанатаў, якія расказваюць пра гісторыю раёна, прычым у дзеючых экспазіцыях выстаўлена больш за тысячу музейных артэфактаў.

Нягледзячы на той факт, што ў новым будынку ішлі рамонтныя работы, музей сваю дзейнасць не спыняў, і за 10 месяцаў было праведзена 49 выстаў, наладжана 159 экскурсій, 71 культурна-адукацыйнае мерапрыемства, якімі ахоплена амаль 4 тысячы 600 чалавек.

Дырэктар музея зазначае, што дзякуючы значнаму абнаўленню, музей атрымаў другое дыханне і зараз набірае абароты па колькасці наведвальнікаў. Шмат жадаючых прайсці па новых залах, пазнаёміцца з новымі экспанатамі і экспазіцыямі, якіх дагэтуль наогул не было ці былі прадстаўлены вельмі сціпла. Як, напрыклад, археалогія. Асаблівы інтарэс выклікала ў наведвальнікаў арганізаваная ў красавіку ў Год гістарычнай памяці выстава «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна», матэрыялы да якога падрыхтавалі ў тым ліку пракуратура і Следчы камітэт раёна.

Паспрыялі актыўнасці наведвальнікаў з ліку вучняў рэалізацыя пілотных праектаў Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі па арганізацыі краязнаўчых экскурсій па стацыянарных экспазіцыях для вучняў 10-11 класаў і  «Бясплатная апошняя серада месяца».

Прыемна канстатаваць, што інтарэс да абноўленага музея вырас і з боку іншых музеяў, чаго дагэтуль практычна не было з-за абмежаванасці ў плошчах. Так, сёлета выставы ў Шуміліне арганізавалі Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, мастацка-графічны факультэт ВДУ, прыватныя калекцыянеры.

Акрамя гэтага, расце колькасць сумесных праектаў з рознымі ўстановамі (архіў, СМІ, РЦДМ), грамадскімі арганізацыямі (ветэранская арганізацыя, БРСМ, Фонд міру, «Белая Русь», Саюз афіцэраў, афганцаў), індывідуальнымі аўтарамі (Вольга Коцікава з Шуміліна, Ядвіга Сянько з Маладзечна і інш.). У самы бліжэйшы час намячаецца выстава навагодніх цацак Наталлі Кавалёвай з Віцебска.

«Мы заўжды вельмі ўдзячныя дарыльшчыкам, з дапамогай якіх пераважна і папаўняецца наш музей, – кажа Святлана Іванова. – Так, сёлета неацэнныя падарункі ў выглядзе трох карцін зрабіла Марына Навіцкая, дачка вядомага беларускага акварэліста, члена Беларускага саюза мастакоў, ураджэнца Шумілінскага раёна Уладзіміра Іванова. Папоўніла калекцыю ваенным абмундзіраваннем савецкага часу сям’я Шынкевічаў; фотадакументальнымі матэрыяламі пра мужа, былога старшыню райвыканкама Я. С. Ганчарова, падзялілася Ларыса Ганчарова; неацэнны ўклад да выставы пра народных абраннікаў зрабіў Аляксандр Штокін; рэчы савецкага часу падарылі музею да 7 лістапада Лідзія Журава і Зоя Егіпцава і інш. І мы вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку і ўвагу».

Немагчыма прадставіць сёння музей без сяброў, дарадчыкаў і аднадумцаў, працягвае дырэктар установы. У гэтай камандзе – В. П. Аўчыннікава, Р. І. Шах, Л. В. Пагарэльскі, М. Л. Петручэня, былыя дырэктары музея Л. В. Голубева, В. П. Кобзун і многія іншыя. «Іх веды, вопыт і мудрасць вельмі дапамагаюць нам сёння арганізоўваць самыя разнастайныя выставы, сустрэчы і мерапрыемствы, – падкрэслівае С. Іванова. – Мы вельмі ўдзячны і нашым верным сябрам-актывістам, без якіх не праходзіць практычна ніводнае музейнае мерапрыемства: Таццяне Карніловіч, Тамары Ганчаровай, Валянціне Танковіч, Святлане Архіпавай і многім іншым».

Так што сёння наш гісторыка-краязнаўчы музей – сучасная, інтэрактыўная ўстанова, якая крочыць у нагу з часам, цікавая розным катэгорыям наведвальнікаў, ад школьнікаў да пенсіянераў. І ў гэтым заслуга ў першую чаргу яго супрацоўнікаў і кіраўніка Святланы Івановай, у якіх шмат планаў і задум, якія беражліва захоўваюць гісторыю, традыцыі і ўпэўнена глядзяць у будучае.

З днём нараджэння, музей!

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *