Доска почёта Шумилинского района: ОАО «Лежни»

Общество Сельское хозяйство

Працоўныя перамогі каманды Аляксандра Папіны

Сёлетні год для калектыву ААТ «Ляжні» складваецца паспяхова. На раённых «Дажынках» сельгаспрадпрыемства выйшла пераможцам па зерневых і зернебабовых культурах – намалот склаў 4329 тон пры ўраджайнасці 25,5 цэнтнера з гектара. У гаспадарцы нарыхтавалі 4001 тону сіласу, 9020 тон сенажу (120% да плана).

«Працоўныя перамогі даюцца нялёгка, над імі працуем усім калектывам сельгаспрадпрыемства, які налічвае 92 чалавекі, – кажа дырэктар ААТ “Ляжні” Аляксандр Папіна. – На сваім месцы начальнікі ўчасткаў Раіса Гарлачова і Валянціна Яцко. Старанна працуюць галоўны заатэхнік Наталля Васілеўская, галоўны ветурач Аляксандр Прохараў, галоўны аграном Дзмітрый Шаўнёў. Не адстае і моладзь – тэхнік-асемянатар Вераніка Сінякова, галоўны інжынер Канстанцін Кукаеў, тэхнік-электрык Сяргей Шалабнёў, які нядаўна прыйшоў працаваць у гаспадарку. Ухвальнае слова хочацца сказаць пра калектывы двух участкаў – Крывое Сяло і Ляжні. Механізатары, жывёлаводы, слесары, аграномы, аператары машыннага даення, людзі іншых прафесій працуюць на дабрабыт гаспадаркі».
Каманда настроена на плённую работу, якая дае прыбытак. І калі трэба кагосьці падмяніць, дапамагчы, плячо адзін аднаму падстаўляюць не толькі людзі рабочых прафесій, але і спецыялісты. Так, падчас жніва за штурвал камбайна селі галоўны інжынер Канстанцін Кукаеў і аграном Ілья Барадулін.
Стабільна ў ААТ «Ляжні» працуе і жывёлагадоўчая галіна: валавы надой за дзень складае 4300 кг (141% да мінулагодняга ўзроўню). Штодзень з малочнатаварных фермаў гаспадаркі адпраўляецца на перапрацоўку каля чатырох тон малака. Таварнасць малака адна з лепшых раёне – 97,9%. Прычым, у Шумілінскі цэх Полацкага малочнага камбіната 75% ляжнёўскага малака паступае экстра-класам.
Малочная галіна – лакаматыў эканомікі «Ляжнёў». Дойны статак тут налічвае 584 каровы, агульнае пагалоўе складае 1386 галоў. Умовы ўтрымання, кармлення, тэхналогія даення адпавядаюць патрабаванням сучаснай жывёлагадоўлі. Па вытворчасці малака плюсуюць усе ляжнёўскія фермы. Пайшлі на лад справы і на ферме Крывое Сяло-1, якая дасталася гаспадарцы ад былога ААТ «Прыдзвінскі». Зрабілі рэканструкцыю фермы Крывое Сяло-2 для цёлак перадзлучнога ўзросту.
Надзейная кармавая база дае магчымасць нарошчваць вытворчасць сыравіны. Пасля таго, як паставілі кароў на зімова-стойлавае ўтрыманне, пачалі даваць канцэнтраты. А ўвогуле кармоў у ААТ «Ляжні» нарыхтавана ўволю – 3781 тона кармавых адзінак. Значыць, будзе малако, а разам з ім і заработная плата работнікаў, і дабрабыт гаспадаркі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *