І зноў пра пашпарты гатоўнасці
4 чэрвеня 2010 года выйшла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 868 “Аб падрыхтоўцы народнай гаспадаркі рэспублікі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 года”.
У перыяд падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона спажыўцы цеплавой энергіі павінны ажыццявіць шэраг мерапрыемстваў:
– правесці работы па прафілактыцы, рамонту і замене абсталявання, цеплавыкарыстоўваючых установак, унутраных сістэм цеплазабеспячэння;
– праверыць аператыўныя і выканаўчыя схемы цеплазабеспячэння;
– прадугледзець варыянты аварыйных сітуацый і распрацаваць планы па іх ліквідацыі;
– скласці рэестр і стварыць аварыйны запас абсталявання і матэрыялаў.
Усе праведзеныя работы і мерапрыемствы па падрыхтоўцы прадпрыемства ці арганізацыі да асенне-зімовага перыяду неабходна дакументальна афармляць (акты, даведкі і г. д.) і фіксаваць іх у рамонтных і аператыўных журналах. Праверцы падлягаюць спажыўцы ўсіх форм уласнасці.
Пасля заканчэння работ па падрыхтоўцы прадпрыемства да ацяпляльнага сезона праводзіцца праверка надзейнасці сістэм цеплазабеспячэння спецыяльнай камісіяй, якая прызначаецца не пазней чым 1 кастрычніка бягучага года.
Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, школы і дзіцячыя сады павінны падаць аформленыя пашпарты не пазней чым 30 жніўня, медыцынскія ўстановы – да 1 верасня, жыллёва-эксплуатацыйныя ўпраўленні – не пазней чым 20 верасня.
У склад камісіі па праверцы гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд уключаюцца кіраўнікі арганізацый і прадстаўнікі з Дзяржэнерганагляду. Гатоўнасць да падачы цяпла пацвярджаецца рашэннем усіх членаў камісіі, афармляецца “Акт праверкі гатоўнасці спажыўца цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд”. Ён рэгіструецца ў Дзяржэнерганаглядзе і з’яўляецца неад’емнай часткай пашпарта гатоўнасці спажыўца да работы ў ацяпляльны сезон. На падставе акта раённай інспекцыяй філіяла “Энерганагляд” выдаецца і сам пашпарт гатоўнасці, які засведчваецца пячаткай арганізацыі-спажыўца і органа Дзяржэнерганагляду. Пашпарт выдаецца да 1 кастрычніка.
Калі спажывец пры праверцы не падрыхтаваўся да ацяпляльнага сезона, афармляецца “Заключэнне аб невыкананні ўмоў гатоўнасці спажыўца цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд”, у якім пералічваюцца недахопы, а таксама накладваецца адміністрацыйны штраф у памеры да 500 базавых велічынь.
С. ГУРЫН, інспектар Энерганагляду.
Опубликовано в №63 от 17.08.2010