На ОКЗ рэалізуецца інвестпраект па інавацыйных тэхналогіях абпалу
На Обальскім керамічным заводзе ў актыўную стадыю ўступіў працэс рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці новых відаў прадукцыі з прымяненнем інавацыйнай тэхналогіі абпалу.
Работы па праекце «Арганізацыя вытворчасці новых відаў прадукцыі з укараненнем тэхналогіі і абсталявання абпалу з выкарыстаннем цвёрдых відаў паліва» абальчане пачалі ў 2019 годзе. Рэалізацыя праекта разлічана на чатыры гады.
– Праект можна разглядаць як інвестыцыйны, інавацыйны, імпартазамяшчальны, экспартаарыентаваны і, нарэшце, сацыяльна значны, – адзначае дырэктар Обальскага керамічнага завода Павел Манак. – Яго рэалізацыя забяспечыць надзейны падмурак для стабільнай работы завода. Мы не толькі пашырым асартымент прадукцыі, а і адмовімся ад энергетычнай залежнасці ад газу. А гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць знізіць сабекошт цэглы.
Выпуск цэглы з’яўляецца энергетычна затратным, што ва ўмовах пастаяннага росту цэн на паліўна-энергетычныя рэсурсы робіць дзейнасць завода маларэнтабельнай. У рамках інвестпраекта плануюцца рэканструкцыя тунэльнай печы, устройства аўтаматычнай лініі разгрузкі-ўпакоўкі гатовай цэглы, будаўніцтва новага аддзялення падрыхтоўкі цвёрдага паліва, склада цвёрдага паліва, аўтаматызацыя тэхналагічнага працэсу выпуску прадукцыі. Адбудзецца перапрафіляванне разгрузачнай рампы, рэканструкцыя сушыльнага аддзялення, аддзялення сартавання і падрыхтоўкі гатовай прадукцыі, якая вызваліць работнікаў ад цяжкай ручной працы на сарціроўцы, – з’явяцца два робаты.
«На вытворчасці цэглы замест прыроднага газу будзем выкарыстоўваць торфабрыкет, які вырабляе мясцовае прадпрыемства, і нафтавы кокс з наваполацкага «Нафтана», – расказвае галоўны інжынер ОКЗ Сяргей Ляўшоў. – Такім чынам долю газу знізім да 20%. Важна і тое, што цвёрдыя віды паліва – мясцовыя, а значыць знізіцца імпартазалежнасць».
Материал читайте в газете «Герой працы» №87 от 11.11.2022.