Трудовой старт. Выпуск проекта посвящён молодёжи КУСХП «Улльский»

Молодёжь Сельское хозяйство

Усе работнікі КУСГП «Ульскі» з’яўляюцца членамі прафсаюзнай арганізацыі, з гордасцю адзначае дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка.

Пасля заканчэння каледжаў, ліцэяў і вышэйшых навучальных устаноў большасць маладых спецыялістаў прыходзіць з прафсаюзнымі білетамі. На сённяшні дзень у «Ульскім» працуюць паўтара дзясятка хлопцаў і дзяўчат (статус маладых спецыялістаў маюць пяць чалавек) энергетыкамі, жывёлаводамі, электрагазазваршчыкамі, аператарамі машыннага даення, галоўнымі спецыялістамі.

Майстар на ўсе рукі

 Талковым спецыялістам і майстрам на ўсе рукі  называюць у КУСГП «Ульскі» Антона Ушала. Родам з Мікалаева, ён прыйшоў працаваць у гаспадарку пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, дзе вывучыўся на электрыка-энергетыка.

Спачатку Антон працаваў  у сельгаспрадпрыемстве электрыкам. І літаральна за першыя месяцы работы паказаў, што спецыяліст ён выдатны. Яму не трэба было ўказваць фронт работы, бо бачыў яго сам. А нядаўна хлопца прафесійна павысілі – прапанавалі пасаду галоўнага энергетыка. Цяпер ён адказвае за ўсю электрычную гаспадарку, якая ёсць на фермах, у майстэрні, на тэхніцы. Падчас жніва асаблівую ўвагу ўдзяляў зернесушыльнаму комплексу, сачыў, каб працаваў без збояў. А яшчэ Антон працуе са зварачным апаратам, мяняе на фермах абсталяванне.

На сваім падворку хлопец уладкаваў уласную пілараму, змайстраваў міні-трактар, зрабіў дома рамонт, паклаў ламінат і плітку, зрубіў лазню. Адным словам, майстар на ўсе рукі! Пашанцуе той дзяўчыне, якую ён пакахае.

Маладая бухгалтэрыя

Ганна Бабкова і Дар’я Шыдлоўская вучыліся ў адной групе ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы. А цяпер разам вось ужо другі год працуюць у бухгалтэрыі КУСГП «Ульскі».

Нядаўна Дар’я Шыдлоўская прызначана на пасаду галоўнага бухгалтара. Сяброўка Ганна стала яе намеснікам. Дар’я ў адказе за налічэнне заработнай платы, вядзе разлік з іншымі арганізацыямі, афармляе падатковыя дэкларацыі, у канцы кожнага месяца робіць патрэбныя справаздачы. Ганна адказвае за матэрыяльныя рахункі, падлічвае расход і паступленне паліва, запчастак, будаўнічых матэрыялаў. А ўвогуле дзяўчаты працуюць дружна, дапамагаюць адна адной. «Спачатку было складана, а цяпер уцягнуліся ў работу, – кажа Дар’я. – Калі трэба, то працуем і позна вечарам. Бывае, што тэрмінова трэба зрабіць справаздачу – тады магу прыйсці на работу і ў шэсць гадзін раніцы».

Ганна Бабкова родам з Полацка, Дар’я Шыдлоўская – з Бешанковіцкага раёна, зараз жывуць разам у пакоі шматкватэрнага дома са зручнасцямі. Задаволены ўмовамі працы і жылля, а таксама бонусамі для моладзі – кожны месяц ім да заробку, як маладым спецыялістам, даплачваюць па сто рублёў.

Раздзяліць радасць і прыняць боль

Год таму спецыяліста аддзела кадраў Ядвігу Сямёнаву выбралі старшынёй прафсаюзнай арганізацыі КУСГП «Ульскі». І яна актыўна ўзялася за работу на грамадскіх пачатках.

Усім імпануе актыўнасць жанчыны, яе неабыякавыя адносіны да людзей, прынцыповасць. Першае, з чаго пачала сваю работу Ядвіга – унікла ў калектыўны дагавор. Згодна з ім, мясцовыя работнікі за прафсаюзныя грошы ездзяць на канцэрт «Славянскага базару», у тэатр, на іншыя забаўляльныя мерапрыемствы. Матэрыяльная дапамога аказваецца ў сувязі з трагічнымі і радаснымі падзеямі. Віншуюцца юбіляры, бацькі, якія нарадзілі дзіцяці. А калі работнік сельгаспрадпрыемства жэніцца ці выходзіць замуж, то ўручаецца ў падарунак бычок. Дарэчы, Ядвіга адзначыла, што ў гэтым годзе былі два такія вяселлі.

Для моладзі ў калектыўным дагаворы ёсць дадатковае пагадненне, удакладняе Ядвіга Сямёнава. Так, калі ў гаспадарку прыходзіць працаваць спецыяліст заатэхнічнай ці ветэрынарнай службаў і з ім заключаецца першы кантракт тэрмінам на пяць гадоў, то выплачваецца матэрыяльная дапамога памерам у 70 базавых велічынь. А калі другі раз заключае кантракт на такі ж тэрмін (пры гэтым чалавеку павінна быць не больш за 35 гадоў), то сума выплаты павялічваецца да 100 БВ.

У прафкам людзі ідуць са сваімі праблемамі, звяртаюцца за дапамогай.  Менавіта прафсаюзны лідар прымае на сябе непрыемнасці калег і іх боль, раздзяляе з імі радасць. Ядвіга Сямёнава заўсёды валодае сітуацыяй на рабочых месцах, адчувае настрой калектыву, выступае ў абарону чалавека, не забывае  пра ахову працы.

Мясцовыя – значыць, надзейныя

Кіраўнік гаспадаркі Валянціна Лабейка з гордасцю адзначае, што ў сельгаспрадпрыемства пасля вучобы ўладкоўваюцца маладыя механізатары з Кардона і блізляжачых вёсак. Мясцовыя – значыць, надзейныя і працалюбівыя. З кагорты такіх – Уладзіслаў Іваноў і Алег Ціханенка, лічыць Валянціна Уладзіміраўна. Алег Ціханенка родам з вёскі Лявонава, закончыў Гарадоцкі каледж, Уладзіслаў Іваноў – Ульскі сельскагаспадарчы  ліцэй. Абодва хлопцы з тэхнікай на «ты». Алег летам і восенню працаваў на палетках, дзе пасвілі кароў: падключаў перасоўную даільную ўстаноўку, падвозіў ваду. Уладзіслаў вясной займаўся хімпраполкай, потым прасаваў сена, з усімі работамі спраўляўся годна. А падчас жніва працаваў на камбайне разам са сваім дзядзькам Аляксандрам Кляцковым. Кажа, што навучыўся ў вопытнага механізатара, як правільна і без страт убіраць хлеб. Магчыма, у будучым самастойна сядзе за штурвал камбайна, і раённая газета пра яго напіша як пра перадавіка на жніве.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *