Депутат Палаты представителей Ирина Полякова работала в Шумилинском районе

Главное Общество Президент

Крокі да сваіх выбаршчыкаў

 Тыдзень у месяц дэпутаты працуюць у сваіх выбарчых акругах, праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі, удзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці раёна. На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова працавала ў Шумілінскім раёне.

Старшакласнікам пра дэпутацтва і работу парламента

Адметным стаў чацвер для старшакласнікаў Шумілінскай СШ №2: яны пабывалі з экскурсіяй у Шумілінскім райвыканкаме. З юнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь сустрэліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова.

Мікалай Аляксеевіч расказаў старшакласнікам пра мясцовае самакіраванне, пра тое, хто можа стаць дэпутатам райсавета, чым займаюцца дэпутаты на сесіях.

Ірына Палякова расказала пра Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, спынілася на рабоце беларускага парламента і неабходнасці захавання гістарычнай памяці.

Старшакласнікі таксама пазнаёміліся з работай аддзела ЗАГС і раённага архіву. А пасля зрабілі памятнае фота на фоне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

 

На прыём да дэпутата

У гэты ж дзень Ірына Палякова правяла прыём грамадзян у Мікалаеўскім сельвыканкаме.  Да дэпутата звярнуліся вяскоўцы з пытаннямі медыцынскага абслугоўвання і добраўпарадкавання дарогі. Ірына Міхайлаўна адзначыла, што звароты будуць максімальна вывучаны і знойдзены аптымальныя шляхі вырашэння праблем у найбліжэйшы час.

 

Абмяркоўваем разам

У Мікалаеўскай сельскай бібліятэцы Ірына Палякова і Мікалай Будневіч правялі дыялогавую пляцоўку з калектывамі бібліятэкі, дзіцячага ясляў-сада, фермерскай гаспадаркі, старэйшынамі населеных пунктаў. Галоўнай тэмай абмеркавання стаў праект Закона аб Усебеларускім народным сходзе. Ірына Міхайлаўна падрабязна спынілася на кожным аспекце Закона.

Закранулі на сустрэчы і так званае цанавое пытанне. Да слова, І. М. Палякова правяла маніторынг цэн у магазіне Бешанковіцкага райспажыўтаварыства ў Кардоне і міні-маркеце «Карына-гандаль» у  Мікалаеве.

 

ШАГ – дыялог з моладдзю

У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ прайшла сустрэча Ірыны Паляковай і Мікалая Будневіча з вучнямі старэйшых класаў Кардонскай СШ. Ірына Палякова расказала пра сябе, дзе вучылася і працавала да таго часу, пакуль яе абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Асноўнай тэмай для абмеркавання стала «Дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі». Падлеткі пазнаёміліся з асноўнымі інтэрнэт-парталамі для знаёмства з прававой інфармацыяй (Pravo.by, Эталон-анлайн, НЦПІ), а таксама з «Дзіцячым прававым сайтам»  (мir.pravo.by). Безумоўна, старшакласнікі спыталі і пра яе работу ў Парламенце.

 

Сустрэча з актывам раёна і юбілейныя святкаванні

У пятніцу Ірына Палякова прыняла ўдзел у адкрытым пасяджэнні райвыканкама, пасля чаго адбылося абмеркаванне праекта аб Усебеларускім Народным Сходзе. Ірына Палякова расказала прысутным пра прававы статус, кампетэнцыю, парадак фарміравання УНС, правы і абавязкі дэлегата УНС, прынцыпы і арганізацыйныя асновы дзейнасці сходу.

У суботу парламентарый прыняла ўдзел у святкаванні 120-годдзя Обальскай СШ.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *