25 октября прошла встреча молодых специалистов с руководством Шумилинского района

Главное Молодёжь Общество

У Шумілінскі раён сёлета пасля заканчэння вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў прыбылі на першае працоўнае месца 72 маладыя спецыялісты. 25 кастрычніка адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з моладдзю.

У фае раённага цэнтра культуры маладых спецыялістаў сустракаў «Грошык» ад Беларусбанка. Работнікі банка расказвалі пра льготныя крэдыты, іншыя банкаўскія прадукты, якія прапануе Беларусбанк моладзі.

Для маладых работнікаў былі арганізаваны экскурсіі па вытворчых і сацыяльных аб’ектах райцэнтра. Моладзь наведала вытворчы цэх ААТ «Полацкі малочны камбінат» і пазнаёмілася з працэсам вырабу сыроў. СШ №1 г. п. Шуміліна дазволіла зазірнуць у «школу будучага». Ва УП ЖКГ наведалі мадэрнізаваную кацельню. Маладыя спецыялісты наведалі абноўлены гісторыка-краязнаўчы музей, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.

На Алеі Славы ў гарадскім парку райцэнтра – месцы памяці аб гераічных і трагічных старонках гісторыі нашага раёна і ўсёй Беларусі – маладыя людзі ўсклалі кветкі да помніка і мемарыяльных пліт на брацкіх могілках.

 

У раённы цэнтр культуры на сустрэчу з маладымі спецыялістамі прыйшлі намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Пушноў, Ірына Шалахава, Святлана Цімашэнка, Руслан Насцюшкін, кіраўнікі раённых прафсаюзных і грамадскіх арганізацый.

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава пажадала маладым людзям плённай працы, адзначыла падтрымку, якую дзяржава аказвае моладзі. У перспектыўны кадравы рэзерв райвыканкама ўваходзіць 21 спецыяліст ва ўзросце да 31 года, гэта будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў Шуміліншчыны, сказала яна. «Пастаянна працуйце над сабой. Кожны дзень рабіце хаця б адзін крок наперад. Не бойцеся звярнуцца з пытаннем ці за парадай да старэйшых калег, кіраўніцтва арганізацый і раёна», – падкрэсліла Ірына Шалахава.

Намеснік старшыні райвыканкама звярнулася да кіраўнікоў арганізацый і папрасіла не пакідаць моладзь сам-насам з праблемамі, падтрымліваць маладых спецыялістаў і дапамагаць набірацца вопыту. Як адзначыла Ірына Шалахава, вельмі часта адносіны ў калектыве з’яўляюцца вырашальнымі, ці застанецца малады спецыяліст у раёне.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава расказала пра дзейнасць прафсаюзных арганізацый па абароне правоў працоўных, стварэнні ўмоў працы, запрасіла маладых людзей праяўляць актыўнасць у грамадскай рабоце, у арганізацыі вольнага часу.

Першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Бяляева прэзентавала работу маладзёжнай арганізацыі, прапанавала смялей уключацца ў яе дзейнасць.

Выступленне маладых спецыялістаў было ў незвычайным творчым фармаце. У вершаванай форме Раман Пузікаў з ДРБУ-204, Андрэй Нячай з УП ЖКГ, Алена Лысанава з ЦРБ, Сяргей Блыкін з лясгаса і Кацярына Васілеўская з ясляў-сада №4 расказалі  пра тое, як іх сустрэлі ў арганізацыях, дапамагалі наладзіць быт і рабіць першыя крокі ў прафесіі. Яны ўручылі сімвалічнае дрэва маладосці першаму намесніку старшыні райвыканкама Уладзіміру Пушнову.

Завяршылася мерапрыемства інтэлектуальна-музычным турнірам «Планета пад назвай Маладосць».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

У тэму

Напярэдадні сустрэчы было праведзена ананімнае анкетаванне 57 маладых спецыялістаў. Прапануем некаторыя лічбы з аналізу анкет.

  60% апытаных падабаецца Шуміліншчына, але пры гэтым 42% нарадзіліся і выраслі тут.

  Сваю прафесійную падрыхтоўку на выдатна ацанілі 8 чалавек, як добрую – 18, як сярэднюю, нармальную – 28, нездавальняючую адзнаку выставілі свайму ўзроўню падрыхтоўкі 3 спецыялісты.

  35% маладых спецыялістаў атрымліваюць зарплату на ўзроўні 500-600 рублёў, 39% – 700-850 рублёў, 12% зарабляюць больш за 1000 рублёў, 14% не назвалі свой заробак.

  Пахваліліся ўласным жыллём 9%, больш за чвэрць (26%) жывуць з бацькамі, службовую кватэру ці дом атрымалі 25%, 21% жыве ў інтэрнаце, 19% здымаюць жыллё. Пры гэтым 19% апытаных атрымліваюць кампенсацыю за знятае жыллё.

  Настаўнікі замацаваныя за 80% маладых спецыялістаў, яны дапамагаюць асвойваць прафесію.

  Плануе застацца пасля адпрацоўкі ў сваёй арганізацыі кожны трэці (29%). Пры гэтым катэгарычна не збіраюцца працаваць у раёне 25% апытаных. Асноўнымі прычынамі адказу яны называюць нізкі ўзровень зарплаты (6 чалавек), абмежаваныя магчымасці для правядзення вольнага часу (7) ці рэалізацыі творчых здольнасцей (4), жыллёвыя праблемы (4).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *