Педагоги Шумилинского района отметили профессиональный праздник

Образование Общество

На Шуміліншчыне ўшанавалі лепшых педагогаў

30 верасня ў актавай зале Шумілінскай СШ №1 прайшло раённае святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Свята сабрала лепшых педагогаў Шуміліншчыны і ветэранаў педагагічнай працы. У гэты дзень яны не толькі прымалі шчырыя віншаванні, але і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

 

Першай на сцэну для віншаванняў паднялася намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і падзякавала ўсім прысутным за тое, што яны зрабілі і што яшчэ зробяць на педагагічнай ніве. Ірына Іванаўна падкрэсліла  важнасць, неабходнасць і ўнікальнасць прафесіі настаўніка, якая немагчымая без творчага пошуку, добрых эмоцый і пастаяннай работы над сабой. Ад асобы настаўніка, яго характару, кампетэнтнасці, прафесійных і чалавечых якасцяў залежыць будучы паспяховы шлях выпускнікоў, наколькі годна і дастойна яны будуць крочыць па жыцці.

Ірына Шалахава выказала асобныя словы ўдзячнасці ветэранам педагагічнай працы. «Усё тое, што вы далі сваім вучням, не праходзіць бясследна, – запэўніла яна. – Будзьце здаровымі, шчаслівымі, любімымі, паболей аптымізму і ўпэўненасці ва ўласных сілах, творчых удач і шчырай любві вашых вучняў».

Ірына Шалахава ўручыла Падзякі раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую і добрасумленную працу загадчыцы Обальскага дзіцячага сада Наталлі Спірыдзенка і намесніку дырэктара па гаспадарчай рабоце Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Юліі Шабанавай.

Да віншавальных слоў далучылася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, якая падкрэсліла, што сёння ў раённай сістэме адукацыі працуюць 743 работнікі, з іх 410 – таленавітыя педагогі, якія аддаюць веды, талент, майстэрства і душэўную цеплыню дзецям. І мы па праву ганарымся нашай шумілінскай педагагічнай сям’ёй, заўважыла Валянціна Васільеўна і ўручыла лепшым педагогам граматы аддзела па адукацыі райвыканкама.

Шчырыя словы віншавання адрасавала прысутным і раённы прафсаюзны лідар сферы адукацыі Галіна Раманенка. Яна таксама выказала словы прызнання педагогам за высакародную працу, цярпенне і вялікую адданасць прафесіі і дзецям. Падзяку Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Піліпаўна ўручыла Зазыба Зінаідзе Аляксееўне, загадчыку Шумілінскага дзіцячага сада №4. Шэраг актывістаў устаноў адукацыі атрымалі Ганаровыя граматы і Падзякі раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Яркім завяршэннем раённага свята стаў канцэрт, падрыхтаваны і падораны настаўнікам і ветэранам педагагічнай працы Шуміліншчыны артыстамі Гарадоцкага ГДК.

Алена КАРПУШЭНКА.

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *