Работа па прафілактыцы п’янства і алкагалізма ў Шумілінскім раёне была абмеркавана на чарговай 58-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 16 верасня.
У рабоце сесіі браў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, намеснікі старшыні, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Адкрываючы сесію, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч адзначыў, што п’янства і алкагалізм шкодзяць чалавеку, развіццю грамадства і эканомікі. Менавіта таму работа суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні гэтай ганебнай з’явы, якая, на жаль, прысутнічае і ў нашым раёне, вынесена на разгляд дэпутатаў раённага Савета.
Галоўны ўрач Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы дэпутат раённага Савета дэпутатаў Святлана Лінкевіч, якая выступала з дакладам, падкрэсліла, што п’янства і алкагалізм – гэта адна з найбольш сацыяльна значных і актуальных праблем, з якой звязаны і здзяйсненне правапарушэнняў, і насілле і разлад у сем’ях, і вытворчы траўматызм, і эканамічныя страты. Суб’ектамі прафілактыкі ў гэтым кірунку з’яўляюцца, акрамя ЦРБ, раённы аддзел ўнутраных спраў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх, сельскія выканаўчыя камітэты, грамадскія арганізацыі і структуры. Работа вядзецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады.
Галоўны ўрач ЦРБ адзначыла, што пад наглядам нарколага ў раёне знаходзіцца 653 чалавекі (для параўнання: у 2020 – 636, у 2021 – 610), на дынамічным ўліку – 534 пацыенты, з якіх 70% складаюць мужчыны і 30% – жанчыны. За 8 месяцаў бягучага года на ўлік узяты 65 чалавек, зняты з уліку 37. Дакладчык прааналізавала статыстыку работы з усімі катэгорыямі насельніцтва па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, лячэнні хворых на алкагалізм, падкрэсліўшы, што асаблівы акцэнт медыкі робяць на падлеткавую і маладзёжную аўдыторыю.
Работа па прафілактыцы павінна весціся пастаянна і ўсімі суб’ектамі прафілактыкі, а таксама па месцы работы і жыхарства асоб, якія схільныя да злоўжывання алкаголем. Толькі сумесная работа можа даць станоўчы эфект, падсумавала дакладчык.
Прысутныя задавалі шмат пытанняў.
Як зняць чалавека з уліку ў нарколага? – Гэта магчыма, але працэдура даволі няпростая.
Колькі чалавек атруціліся алкаголем? – Калі ў 2020 годзе было 11 выпадкаў, то ў 2021 – 2, у 2022 – 1.
Колькі выпіваюць спіртнога ў раёне? – «Па нашых падліках на аднаго жыхара раёна ў 2021 годзе рэалізавана алкагольнай прадукцыі ў пераразліку на спірт 10,4 літра», – удакладніла галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Воранаў адзначыў устойлівае зніжэнне колькасці правапарушэнняў (–14%), але гэта не павінна супакойваць, пачынаць прафілактычную работу трэба з дзіцячага ўзросту, разам з сям’ёй выпрацоўваць негатыўнае стаўленне да ўжывання алкаголю, заўважыў Вячаслаў Воранаў.
Дэпутат раённага Савета дырэктар УП «Шумілінская ПМК-70» Аляксей Крыўко расказаў пра сістэму работы на прадпрыемстве, калі да работнікаў, якія з’яўляюцца нецвярозымі на рабочым месцы, прымяняюць меры матэрыяльнага і маральнага дысцыплінарнага пакарання. Тут наладжаны пастаянны кантроль пры допуску да работы і падчас яе.
Праблему «ціхага п’янства» ўзняла старшыня Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Кійко. Такіх людзей ведаюць у сельвыканкаме, працуюць з імі, але іх няма за што прыцягнуць і гэта той слой, які можа раптоўна даць сур’ёзныя правапарушэнні.
У праект рашэння ўнесены некаторыя дапаўненні, што прагучалі ў ходзе абмеркавання пытання.
Таксама дэпутаты па прапанове начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Алены Сідарэнкі ўнеслі змяненні ў раённы бюджэт з мэтай больш эфектыўнага выкарыстання фінансавых сродкаў.
Былі унесены змяненні ў некаторыя раней прынятыя рашэнні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.