Атрымана 67 пашпартоў
Усяго ў нашым раёне пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць 77 арганізацый і прадпрыемствы. Згодна з нарматыўнымі дакументамі ўсе сістэмы цеплазабеспячэння павінны быць падрыхтаваны да 20 верасня, пашпарты гатоўнасці павінны атрымаць да 30 верасня.
– У раёне вельмі сур’ёзна аднесліся да падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, – адзначае інспектар энергагазнагляду Віцебскага МРА філіялу «Энергагазнагляду» Валерый Строкін. – На большасці прадпрыемстваў рыхтавацца да зімы пачалі адразу пасля завяршэння ацяпляльнага сезона. І самае важнае, што ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы носяць сістэматычны прадуманы характар. Кіраўнікі прадпрыемстваў разумеюць, што якасная падрыхоўка летам – залог ста-більнай работы без надзвычайных сітуацый у асенне-зімні перыяд.
Першым у раёне 29 ліпеня пашпарт гатоўнасці атрымаў Раён электрычных сетак. Другім дакументы атрымаў 8 жніўня Раён газазабеспячэння. На панядзелак энергагазнагляд зарэгістраваў 67 пашпартоў гатоўнасці.
Валерый Строкін асабліва пахваліў УП ЖКГ, якое адным з першых камунальных прадпрыемстваў у вобласці атрымала ўсе неабходныя пашпарты гатоўнасці. Дарэчы, менавіта ў іх найбольш вялікія і сур’ёзныя аб’ёмы падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага сезона. І ад якасці іх работы залежыць камфорт і цяпло падчас халадоў у нашых кватэрах і кабінетах.
«УП ЖКГ атрымала пашпарты гатоўнасці 17 цеплакрыніц. Усе кацельні прадпрыемства гатовы да зімы,– працягвае Валерый Строкін.– На новага ацяпляльнага сезона шумілінскія камунальнікі падрыхтавалі і ўвесь жыллёвы фонд. Прадуманая сістэма работы дазволіла УП ЖКГ 5 верасня атрымаць поўны пакет дакументаў, якія сведчаць пра гатоўнасць да зімы».
– У цэлым раён амаль гатовы да новага ацяпляльнага сезона, – канстатуе Валерый Строкін. – Хаця некаторыя прадпрыемствы насцярожваюць. Так, напрыклад, у «Шумілінскім райаграсэрвісе» не гатовы да зімы як цеплавыя, так і электрычныя сеткі. На ТАА «Вежа» праблемнымі застаюцца электрасеткі. Але час паправіць становішча і атрымаць у адведзеныя тэрміны пашпарты гатоўнасці ёсць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.