10 пытанняў кіраўніку раёна з нагоды юбілею
14 жніўня 2000 года на пасаду старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта прыйшоў Вальдэмар Антонавіч Падляшчук. За паўсядзённымі клопатамі і справамі неўпрыкмет мінула дзесяць год. Якімі яны былі, што запала ў душу з гэтага жыццёвага
этапа, якія здзяйсненні старшыня лічыць для сябе адметнымі — аб гэтым і іншым мы гутарым з кіраўніком раёна.
1. Вальдэмар Антонавіч, вяртаючыся да жніўня 2000-га, раскажыце, калі ласка, пра свае самыя першыя ўражанні ад новай пасады, ад новага месца жыхарства, ад новых людзей.
– Першыя ўражанні ад той жнівеньскай сустрэчы з Шумілінскім раёнам былі вельмі яркімі, таму памятаюцца і зараз. Шумілінская зямля, упрыгожаная россыпам азёр, рэкамі і ручаямі, пушчамі і лясамі, апавітая блакітнай стужкай Заходняй Дзвіны, не магла не запасці ў душу. Прыгожы край, прыгожыя людзі — шчырыя, адкрытыя, гасцінныя, для якіх хацелася і хочацца працаваць.
2. Кожная работа прад’яўляе свае патрабаванні да чалавека, у тым ліку да яго рысаў характару. А якія рысы Вашага характару найперш запатрабавала пасада старшыні райвыканкама?
– На мой погляд, кожная пасада, а кіраўніцкая найперш, патрабуе кампетэнтнасці, прафесіяналізму, адказнас-ці, самадысцыпліны і вялікай працы. Людзі будуць верыць кіраўніку і ісці за ім толькі тады, калі ён сам будзе вы-кладвацца па поўнай. Работа кіраўніка патрабуе настойлівасці, патрабавальнасці, цярпення, веры ў свой калектыў і ў тое, што намечанае абавязкова атрымаецца.
3. За 10 год пад Вашым кіраўніцтвам у раёне адбылося шмат значных падзей. І ўсё ж, Вальдэмар Антонавіч, вылучыце, калі ласка, дзесяць самых адметных здзяйсненняў, якімі Вы сёння ганарыцеся.
– Давайце, паспрабуем. Найперш, адзначым газіфікацыю раёна. Яна дала новы імпульс развіццю прамысловасці і сацыяльнай сферы раёна, істотна палепшыла жыллёвыя ўмовы людзей, надала быту камфортнасці і зручнасці.
Вялікі станоўчы эфект дало будаўніцтва аўтатрасы Віцебск—Рыга праз наш райцэнтр. Гэта дазволіла гораду мець сучасны прыгожы праспект са зручнымі тратуарамі, ліхтарамі, святлафорамі. Дзякуючы будаўніцтву аўтатрасы, удалося замяніць значную частку камунікацый, заасфальтаваць з’езды на прымыкаючых да трасы вулачках. І наогул, зрабіць воблік нашага горада больш годным і прывабным.
Лічу, што падзеяй для раёна быў візіт да нас у 2008 годзе прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сяргеевіча Сідорскага і наступная за гэтым рэалізацыя праектаў выкарыстання мясцовых відаў паліва, рэканструкцыя Обальскага керамічнага завода.
Прыемна, калі вялікае жаданне і вялікія намаганні ўрэшце ўвасабляюцца ў годны аб’ект. Гэта я пра аўтавакзал, якога даўно чакала Шуміліна. Яго адкрыццё стала сапраўдным святам для пасажыраў, вадзіцеляў і для ўсіх шумілінцаў.
Не магу не сказаць пра будаўніцтва жылля. Зручны камфортны дом, кватэра — адзін з галоўных прыярытэтаў жыццезабеспячэння людзей. За 10 год у раёне пабудавана 74604 квадратных метраў жылля (944 кватэры), з іх 38448 — на сяле (498 кватэр). Важна адзначыць, што сёння ў нас ужо практычна няма чаргі на жыллё, кожны жадаючы на працягу года можа пабудаваць сабе кватэру. Дзяржава ўсямерна спрыяе гэтаму, у тым ліку і з дапамогай льготных крэдытаў.
Выкананне ў раёне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, дзякуючы якой у сельскую гаспадарку прыйшла магутная сучасная тэхніка, аднаўляюцца вытворчыя, сацыяльна-культурныя і бытавыя аб’екты. Дастаткова толькі паглядзець на новую сучасную ферму з камп’ютарным кіраваннем у СВК “Баравінка”, каб адчуць маштабнасць і перспектыўнасць гэтай праграмы.
Асобным радком хачу выдзеліць будаўніцтва аграгарадкоў. У раёне ўзводзіцца восьмы аграгарадок. Безумоўна, не ўсё атрымалася так, як хацелася б, тым не менш зроблена многа. Асаблівае задавальненне выклікае сёння Мікіціха — з прыгожым прасторным Домам культуры, утульным дзіцячым садком, школай, амбулаторыяй, комплексам гандлёвых і бытавых аб’ектаў. Тут ёсць прыродны газ, будуецца жыллё, развіваецца вытворчасць, а значыць, ёсць перспектыва.
Неабходным і важным этапам развіцця прамысловай галіны раёна стала тэхнічнае пераўзбраенне сырзавода і птушкафабрыкі. Сёння гэта сучасныя высокаэфектыўныя вытворчыя аб’екты з годнымі ўмовамі працы і перспектывай развіцця.
Няпроста рашалася адкрыццё ў раёне сваёй гімназіі, а таксама ўзвя-дзенне прыбудовы (а дакладней, новага будынка) да Слабадской сярэдняй школы. Але гэта атрымалася, а значыць, сілы і намаганні былі патрачаны не дарэмна. Важна, што гэта сёння дае плён, дзеці атрымліваюць грунтоўныя веды, нараўне з гарадскімі становяцца студэнтамі прэстыжных навучальных устаноў.
Адзначу і тое, што ўдалося зрабіць у раёне па навядзенню парадку на зямлі. Размова не толькі пра тое, што зямля вызваляецца ад лішняга хмызу, лядашчых пабудоў і бязладдзя. Галоўнае, што змянілася псіхалогія людзей, для якіх усё часцей нормай жыцця становяцца парадак, чысціня і кветкі ля дома.
4. Як і належыць лідару, Вы, Вальдэмар Антонавіч, заўсёды ў курсе навінак, прычым, у розных галінах. Адкуль Вы чэрпаеце інфармацыю?
– За інфармацыяй далёка хадзіць не трэба. Чытаю газеты, сачу за навінкамі ў Інтэрнэце. Не забываюся і на спецыяльную літаратуру.
5. Калі б сёння Вам трэба было пачынаць усё спачатку, Вы што-небудзь памянялі б у сваёй кіраў-ніцкай стратэгіі і тактыцы?
– Гады даюць вопыт і часам бачанне сітуацыі па-іншаму. Напэўна б сёння я інакш развіваў стратэгію малочнай вытворчасці.
6. Як часта старшыні райвыканкама даводзіцца рашаць не толькі пытанні ў маштабах раёна, але і ў маштабах адной прясядзібнай гаспадаркі ці інтарэсаў аднаго чалавека?
– Практычна паўсядзённа, людзі прыходзяць на прыём, звяртаюцца пісьмова, звоняць на “прамыя лініі” і без, спыняюць нават на дарозе. Стараюся ніводны зварот не пакінуць без увагі. З людзьмі трэба ўмець размаўляць, чалавеку важна, каб яго выслухалі і пачулі. Падчас ужо гэтага дастаткова. Асабіста я не абяцаю таго, што зрабіць немагчыма. І людзі гэта цэняць, разумеюць.
7. Вальдэмар Антонавіч, а чаго Вы не церпіце ў адносінах паміж людзьмі?
Фальшу, неабавязковасці. У адносінах паміж людзьмі цаню давер, узаемапавагу, шчырасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.
8. Кіраўнік раёна ў адказе за ўсё: за ўраджай і надоі, за новыя кватэры і роўныя дарогі, за паспяховасць школьнікаў і пройгрыш у футболе… Такая работа па 16—18 гадзін у суткі высільвае. Вальдэмар Антонавіч, раскажыце, калі ласка, як вы аднаўляеце сілы, дзе адпачываеце?
– Адпачынак для кіраўніка раёна — раскоша, асабліва ў летні прыпар. Тым не менш, стараюся знаходзіць час на спартыўную залу, люблю пабыць на прыродзе, пахадзіць па лесе, пасядзець на беразе ракі ці проста паглядзець на начное зорнае неба.
9. За плячыма дзве пяцігодкі. Зроблена многа. А наперадзе — новыя планы і новыя здзяйсненні. Якія задачы — бягучыя і перспектыўныя — ставіць сёння перад сабой, а значыць і перад раёнам, старшыня райвыканкама?
– Задач многа: і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, і ў будаўніцтве, і ў развіцці сацыяльнай сферы. Але ўсе яны зводзяцца да адной галоўнай — павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва раёна.
10. І яшчэ, калі дазволіце, Вальдэмар Антонавіч, адно, дзесятае — па ліку адпрацаваных гадоў – пытанне. У кожнага чалавека ёсць мара. Безумоўна, ёсць яна і ў Вас. Калі гэта магчыма, раскажыце, пра што Вы марыце.
– Мару, каб наш прыгожы азёрны шумілінскі край стаў папулярным і любімым месцам адпачынку для беларускіх і замежных турыстаў. Мару пра будаўніцтва новага мікрараёна ў райцэнтры з поўнай інфраструктурай, з фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам з басейнам. Мару, каб Шуміліна стала спадарожнікам Віцебска. А яшчэ мару, каб людзі больш верылі ў светлае і рабілі дабро.
– Дзякуй, Вальдэмар Антонавіч, за змястоўную гутарку, поспехаў Вам у новай пяцігодцы.
– Поспехаў усяму Шумілінскаму раёну.
Інтэрв’ю падрыхтавала Аліна Пятрова.
Опубликовано в №62 от 13.08.2010