Ніводны «Славянскі базар у Віцебску» не абыходзіўся без удзелу шумілінскіх работнікаў культуры. Вось і сёлета яны актыўна рыхтуюцца да міжнароднага фэсту.
«Нашы творчыя калектывы будуць у Віцебску з 14 па 17 ліпеня, – расказала намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Людміла Дарзнек. – Першымі выступіць узорны ансамбль барабаншчыц і мажарэтак Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў – 14 ліпеня яны прымуць удзел у V міжнародным фестывалі-конкурсе барабаншчыц і мажарэтак».
Да IX адкрытага турніру нацыянальных танцаў «Танчым разам», які адбудзецца 16 ліпеня, рыхтуюцца харэограф раённага цэнтра культуры Дар’я Сцяпанава і кіраўнік калектыва эстраднай студыі «Акцэнт» Андрэй Трафімаў.
У абласным конкурсе народнай музыкі і прыпевак «А музыкі граюць, граюць…» 15 ліпеня будзе ўдзельнічаць сямейны ансамбль «Забава» Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу (кіраўнік Сняжана Усава). Індывідуальнае выступленне рыхтуе ўдзельнік гэтага ж ансамбля Валерый Першукевіч.
Свой праект «Лялечны дворык» 17 ліпеня пакажа тэатральны калектыў арыгінальнага жанру раённага цэнтра культуры «Новы погляд» (кіраўнік Крысціна Бурлакова).
З 14 па 17 ліпеня на вуліцы Пушкіна ў Віцебску будзе ладзіцца традыцыйны «Горад майстроў», у якім прыме ўдзел раённы Дом рамёстваў. Яго работнікі падрыхтавалі выставу-продаж розных вырабаў: керамічных, саламяных, лазовых, вязаных і плеценых, вырабленых у шматковай тэхніцы, расказала дырэктар Дома рамёстваў Анжэла Сяргеева.
17 ліпеня шумілінцы прымуць удзел у абласным свяце-конкурсе народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства-2022», які пройдзе ля Успенскага сабора. На конкурсе будуць прадастаўлены народныя касцюмы Шуміліншчыны, якія пашыла майстар па народным касцюме Вольга Загвоздава, – вясельны строй местачковы, а таксама сарафан, блузка і спадніца (касцюмы ў тэхніцы “набойка”). Акрамя таго, павязуць калекцыю галаўных убораў (хусткі і шалікі).
Будзе арганізавана і выстава рэгіянальных касцюмаў, калекцыя якіх ёсць у Доме рамёстваў. Пройдуць таксама майстар-класы і прэзентацыя сцэнарыя «Сватаем нявесту». Разам з Домам рамёстваў будзе спяваць народны ансамбль «Гарэзнікі» Обальскай дзіцячай школы мастацтваў.
14-17 ліпеня адбудзецца конкурс-прэзентацыя тэматычных брэндавых пляцовак рэгіёнаў Віцебшчыны «Гонар нацыі», прысвечаны Году гістарычнай памяці. Свой сцэнарый рыхтуюць работнікі Дома рамёстваў, якім будуць дапамагаць работнікі бібліятэкі, народны фальклорны калектыў «Гульбічы» і народны ансамбль «Гарэзнікі». Яны мяркуюць паказаць гісторыю нашага раёна: расказаць пра знаходкі рэшткаў мамантаў, патрыятызм шумілінцаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, сучаснае жыццё рэгіёна.
Запрашаем землякоў наведаць пляцоўкі, дзе будуць выступаць і паказваць майстар-класы шумілінцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.