Усе сілы – на нарыхтоўку кармоў!
У сельгаспрадпрыемствах раёна ў разгары нарыхтоўка кармоў. Па раёне першым укосам трэба скасіць 9500 га травы, нарыхтаваць 62100 тон сенажу. Гэта сур’ёзная работа не на адзін тыдзень. І спраўляцца з ёю дапамагаюць шэфы.
Так, згодна з рашэннем райвыканакама, у сем гаспадарак раёна накіравана дваццаць памочнікаў. Гэта ў асноўным механізатары на трактарах. Ёсць і вадзіцелі, токары, зваршчыкі. Напрыклад, каторы год КУСГП «Ульскі» дапамагаюць з такарнымі работамі спецыялісты Обальскага керамічнага завода. Вось і сёлета тут працуе токар Віктар Бужынскі. «Увогуле лепшых шэфаў, чым ОКЗ, напэўна, і няма ні ў каго, – кажа дырэктар КУСГП “Ульскі” Валянціна Лабейка. – Дырэктар завода Павел Манак ніколі не адмовіў у дапамозе. На прадпрыемстве добрыя станкі, талковыя зваршчыкі і токары, якія змогуць вытачыць любую дэталь. А гэта для нас проста знаходка, калі дарагая кожная хвіліна і кожная адзінка тэхнікі павінна быць на хаду. Пакуль спраўляемся сваімі сіламі па тэхніцы, але пры неабходнасці ОКЗ нам выдзеліць трактар і МАЗ».
На падвозцы абедаў на аўтамабілі ЗІЛ у ААТ «Прыазёрны мір» працуе Міхаіл Сталярэнка з аддзела па адукацыі райвыканкама. Па першым патрабаванні з ПМК-70 абяцалі прадаставіць «Амкадор». Пакуль не карысталіся паслугамі гэтай будаўнічай арганізацый і ААТ «Ляжні» (сюды па дамоўленасці павінны прыехаць два трактарысты-машыністы). А вось Уладзімір Несцярэнка, зваршчык УП ЖКГ, працуе на ўчастку Крывое Сяло ўжо некалькі гадоў запар. І ягонай работай у гаспадарцы задаволены.
На два памочнікі-механізатары пашанцавала КУСГП «Мішневічы», расказаў в. а. дырэктара гаспадаркі Уладзімір Груца. Добра працуюць Мікалай Кандраценка з Мішневіцкага лясніцтва і Юрый Пашкевіч з КУП БАН. Калі аб’яднаны міжгаспадарчы кормаатрад пераедзе на мішневіцкія палеткі, то ўласнай адвозкі не хопіць – на дапамогу на МАЗе прыедзе вадзіцель з ПМК-70.
Шэфы КУСГП «Сіроцінскі» – з УП ЖКГ. «З кіраўніцтвам камунгаса ёсць узаемаразуменне, – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Прыгодзіч. – Трактар з касілкай і МАЗ нам даюць па патрэбе. Ёсць дамова і на «Амкадор».
Па першым патрабаванні гатовы выехаць механізатары УП ЖКГ і ў СФГ «Раднік». Як кажуць, чакаюць сігналу. І ён будзе, бо нарыхтоўка кармоў – галоўная задача дня. У кожнай гаспадарцы кармоў хочуць нарыхтаваць своечасова і з запасам – менавіта ад гэтага ў першую чаргу будуць залежыць надоі і прывагі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.