І бяспека людзей, і расада кветак…
Бяспека людзей падчас масавых мерапрыемстваў, парадак на вытворчых і сацыяльных аб’ектах – гэтыя надзвычай актуальныя пытанні былі вынесены 12 сакавіка на рабочую нараду ў райвыканкаме.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны запатрабаваў забяспечыць на раённых масавых мерапрыемствах абавязковае дзяжурства са спецтранспартам супрацоўнікаў міліцыі, медыцыны, раённага аддзела МНС.
Уладзімір Пятровіч абавязаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый забяспечыць дысцыпліну на рабочых месцах, закрыць вытворчыя тэрыторыі ад доступу пабочных асоб, жорстка кантраляваць работу вартавой службы.
На парадак дня нарады быў вынесены шэраг сельскагаспадарчых пытанняў. У прыватнасці, старшыня райвыканкама паставіў задачу актывізаваць работу па ўнясенні мінеральных угнаенняў на раўнінных плошчах, па вапнаванні участкаў (з 1394 га апрацавана толькі 134), працаваць над збалансаванасцю кармлення кароў і павышэннем надояў.
Нямала ўвагі на нарадзе было ўдзелена пытанням добраўпарадкавання. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава падкрэсліла неабходнасць ужо сёння рыхтавацца да гэтых работ: прадумаць схемы добраўпарадкавання сваіх тэрыторый, пасеяць насенне кветак, закупіць вапну і фарбу, выканаць шэраг іншых падрыхтоўчых работ.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.