Ён вярнуўся, каб помнілі …
У кнізе “Памяць. Шумілінскі раён” Анатолю Іванавічу Дубасарскаму адведзены ўсяго два радкі. На старонцы 402 чытаем: “Дубасарскі Анатоль Іванавіч, нар. у 1914 годзе; радавы 259-га стралковага палка”. Кніга выдадзена ў 1985 годзе і дзіўна, што так скупа расказана пра лётчыка, які загінуў пры вызваленні Шуміліна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш таго, яго прозвішча высечана на адной з пліт на брацкіх могілках у Шуміліне.
У Шумілінскай СШ № 2 перакананы: імя гэтага выдатнага лётчыка, салдата Вялікай Айчыннай заслугоўвае большай павагі. І калі на Дзень Перамогі у 2011-ым прыехаў у Шуміліна сын Анатоля Іванавіча Уладзімір, дырэктар школы І. І. Аляксееў падышоў да яго і папрасіў дазволу на тое, каб школе прысвоіць імя яго бацькі, А. І. Дубасарскага.
Сын даў згоду. Больш таго, ён да-слаў з Адэсы, дзе жыве, здымкі з сямейнага архіва, некаторыя звесткі пра бацьку, выразкі з газет, а не так даўно, ведаючы пра ідэю мець у школе № 2 прыстойны інфармацыйны стэнд па Вялікай Айчыннай вайне, даслаў грошы на набыццё адпаведных матэрыялаў. У школе, акрыленыя і ўсцешаныя першымі ўдачамі, апантана ўзяліся і за збор матэрыялаў пра А. І. Дубасарскага, і наогул за афармленне стэнда. І. І. Аляксееў расказаў, як кампануюцца матэрыялы стэнда, наогул, якая праведзена над ім работа. Стэнд складаецца з 15 асобных частак, адна з іх і будзе адведзена А. І. Дубасарскаму.
— Стэнд пра вайну — не для “птушачкі” ў планах работы, — дзеліцца Ігар Іванавіч. — Гэта важна для нашых вучняў. Каб помнілі, каб не забываліся на сваю гісторыю. Памесцім стэнды ў прасценках на другім паверсе школы. Думаю, у вучняў многае адкладзецца ад прагляду інфармацыі…
Фактура для стэнда чэрпалася з розных крыніц: з інтэрнэта, з часопісаў, газет. Напрыклад, адзін са стэндаў будзе адведзены бітвам на палях вайны, асобны — партызанскаму руху, военачальнікам, вызваленню шумілінскай зямлі і нарэшце — А. І. Дубасарскаму, імя якога збіраюцца прысвоіць школе. Зараз заканчваецца вычытка тэкстаў.
І. І. Аляксееў падзяліўся сабранай фактурай пра лётчыка Дубасарскага. Раённая газета, на жаль, не надта песціла свайго чытача расказамі пра героя, таму хочацца хаця б крыху напоўніць гэты прабел.
Родам А. І. Дубасарскі з Адэсы. Там жа вучыўся ў школе судовых матарыстаў, працаваў нейкі час шафёрам, без адрыву ад работы хадзіў у аэраклуб, куды быў накіраваны па заданні камсамола. Малады юнак ідзе дабравольцам у Чырвоную Армію, вучыцца ў Адэскай авіяцыйнай школе імя П. Асіпенкі. Пасля заканчэння школы ён — лётчык-інструктар, малодшы лейтэнант. З кастрычніка 1943 г. па люты 1944 г. Анатоль вядзе падрыхтоўку на фронт ваенных лётчыкаў. Анатоль Іванавіч Дубасарскі загінуў у небе над Шумілінам падчас вызваленчых баёў 6 лютага 1944 года.
Толькі праз 15 гадоў пасля вайны пры правядзенні меліярацыйных работ у раёне вёскі Крупчына былі знойдзены астанкі лётчыка і рэшткі баявога самалёта. Тады знайшлі асабістыя рэчы лётчыка: пісталет, планшэт з дакументамі, абгарэлы партбілет, ракетніцу.
І закруцілася, як кажуць, усё ў віхуры падзей і ўспамінаў. Неўзабаве абласная газета “Віцебскі рабочы” паведаміла пра абставіны гібелі Дубасарскага ў адну з казанскіх газет, знайшліся сваякі героя, якія выйшлі на сына Уладзіміра. Ён быў на той час курсантам Разанскага ваеннага вучылішча, і на майскія святы 1964 года з маці прыехаў у Віцебск (на той час Шумілінскага раёна не было, ён адна-віўся ў 1966 годзе, а в. Крупчына была ў Віцебскім раёне). Хутка ў газеце “Во славу Родины” выйшаў артыкул “Калі плача салдат…”. У ім падпалкоўнік А. Сысоеў расказвае пра Анатоля Іванавіча Дубасарскага, пра тое, як шануецца памяць героя. Спынімся на адным эпізодзе, які працытуем.
“Дзейнічаючы ў пары з лётчыкам Піліпенкам, — піша газета, — адважны авіятар смела зблізіўся з праціўнікам і адкрыў агонь з кароткіх дыстанцый. Відавочца гэтага паядынку Яўген Іванавіч Слемянёў, жыхар вёскі Сахоненкі, дапамог больш падрабязна аднавіць карціну мінулага. Калі наш “ІЛ-2” атакавалі чатыры нямецкія знішчальнікі, на іх зараз жа кінуўся савецкі самалёт. Аднак вельмі няроўнымі былі сілы. Выручаючы таварышаў з бяды, лётчык загінуў, упаўшы за лініяй фронту. Гэта і быў Дубасарскі…”.
Вось так апісвае з падачы нашага земляка Я. І. Слемянёва ваенны журналіст апошні бой Анатоля Дубасарскага.
Ідзём па храналогіі.
Наданне адной з вуліц пасёлка “Дабееўскі мох” імені Дубасарскага (замест ранейшай назвы “Працоўная”). 1967 год: пасяджэнне выканкама Шумілінскага гарпасялковага Савета дэпутатаў працоўных з пытаннем — аб занясенні ў Кнігу славы Савета “лепшага імя грамадзяніна іншай мясцовасці Дубасарскага Анатоля Іванавіча…”.
Перазахаванне астанкаў героя на брацкія могілкі, афіцыйныя лісты на адрас сына Уладзіміра ад імя старшыні райвыканкама ў 80-х гадах мінулага стагоддзя…
2011-ы год можна лічыць адраджэнскім у плане шанавання імя Анатоля Іванавіча Дубасарскага. Так сказаць, трэцяе нараджэнне лётчыка. Трэцяе — дзякуючы шумілінскай школе № 2, якая адкрывае новыя старонкі жыцця і баявога подзвігу адэсіта. Ён загінуў, вызваляючы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў шумілінскую зямлю, якая вярнула імя – каб памяць пра героя “прапісалася” ў школе назаўсёды.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №21 ад 13.03.2012 г.