Дапамагчы рашыць праблемы на месцах
26 мая ў Віцебскай вобласці адзіны дзень прыёму грамадзян правялі члены Савета Рэспублікі. Просьбы, прапановы і скаргі жыхароў Шумілінскага раёна ў гэты дзень выслухаў падчас асабістага прыёму грамадзян і «прамой лініі» Шчастны Анатоль Тадэвушавіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Да парламентарыя паступілі тры звароты: два пытанні тычыліся сферы ЖКГ, адзін – пенсійнага забеспячэння.
З просьбай аказаць садзейнічанне ў вырашэнні пытання рамонту даха двухпавярховага дома звярнулася жыхарка аг. Крывое Сяло Н. Зялёнка, пенсіянерка, былы педагог, інвалід. Жанчына не першы год пакутуе ад дзіравага даху і не раз звярталася за дапамогай у сельсавет і мясцовую гаспадарку, якой да нядаўняга часу належала жыллё. Зараз жыллёвы фонд перададзены УП ЖКГ. Прымальных варыянтаў іншага жылля няма, а жыць у такіх умовах немагчыма, прызналася заяўніца.
У выніку высвятлення сітуацыі прынята рашэнне на працягу чэрвеня правесці абследаванне даху дома, і да 1 верасня зрабіць яго рамонт.
З праблемай прыйшоў на прыём і жыхар райцэнтра А. Карлік – у падвале шматпавярхоўкі, дзе ён жыве, стаіць вада. Мужчына жыве на першым паверсе і пакутуе ад вільгаці. Камунгас, па яго словах, ведае праблему, але не выпраўляе.
Так, у бліжэйшы час санітарная служба абследуе санітарны стан падвала. Згодна з планам правядзення бягучага рамонту, дала каментарый намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава, летам у доме будзе зроблены рамонт адмосткі.
Прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі «Ратавальнік» вельмі прасілі на самым высокім узроўні вывучыць пытанне пенсійнага забеспячэння работнікаў сілавых структур, бо, па іх словах, ёсць некаторыя нюансы па прызначэнні пенсій. Падчас размовы дамовіліся, што шумілінцы падрыхтуюць калектыўны пісьмовы зварот.
Усе пытанні, запэўніў заяўнікаў А. Т. Шчастны, будуць на строгім асабістым кантролі.
Алена КАРПУШЭНКА.