Сеем сорт «ладага»
Сярод гаспадарак, якія першымі актыўна прыступілі да сяўбы кукурузы, – ААТ «АграБаравінка». Як расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці Віталь Уогінтас, папярэдне падрыхтавалі палеткі да сяўбы: унеслі хлорысты калій, карбамід і арганічныя ўгнаенні па 60 тон на гектар. Мяркуюць, што пры такой добрай «запраўцы» кукуруза будзе расці як на дражджах.
У гаспадарцы доўга меркавалі, які гатунак выбраць для сяўбы. Спыніліся на сорце «ладага», бо ён найбольш вынослівы пры розных неспрыяльных умовах надвор’я. Насенне закупілі ў «Брэстнасентравах». Мяркуюць, што 10,6 тоны хопіць на 350 гектараў. А ўсяго ў гаспадарцы мяркуюць засеяць 450 га, калі застануцца палеткі – то і звыш плана. Кіруюцца прынцыпам, што «сілас лішнім не бывае». Калі самім не спатрэбіцца, то кармы і прадаць можна – грошы сельгаспрадпрыемству не перашкодзяць.
«Я бараную, Сяргей засявае»
На мінулым тыдні сяўба кукурузы ў «АграБаравінцы» вялася на палетках ля Язвіна. Першым да краю поля пад’ехаў Дзяніс Марцінкевіч на МТЗ з 12-мятровымі баронамі. «Я бараную, Сяргей засявае, – кажа Дзяніс пра работу на палетках. – Маю на ўвазе майго сябра Сяргея Гоманава. Менавіта ён мяне, былога дальнабойшчыка, перацягнуў нядаўна працаваць у “АграБаравінку”. Работай я задаволены: трактар добры, паліва хапае, кіраўніцтва падтрымлівае і дапамагае. Бараную за дзень да 70 гектараў».
Сяргей Гоманаў расказаў, што сёлета ўпершыню працуе з кукурузнай сеялкай. За дзень засявае да трыццаці гектараў. На дапамогу пасля рамонту едзе Іван Мельнік. За пяць дзён мяркуюць закрыць план па сяўбе кукурузы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.