Наш проект «Трудовой старт». Представляем молодежь Обольского керамического завода

Молодёжь Общество

 

  У працоўным калектыве Обальскага керамічнага завода (240 чалавек)  25 – гэта моладзь. Сярод яе ёсць спецыялісты, але большасць маладых людзей авалодалі рознымі рабочымі спецыяльнасцямі і зараз працуюць электрамеханікамі, вадзіцелямі, малярамі, электрагазазваршчыкамі, ахоўнікамі, грузчыкамі, вогнеўпоршчыкамі, машыністамі кранаў. «Мы ўсведамляем, што працэнт моладзі на прадпрыемстве невялікі, хацелася б, каб да нас прыходзілі і заставаліся працаваць маладыя людзі, – кажа старшыня прафсаюзнай арганізацыі завода Алеся Серафімовіч. – Таму стараемся для маладых ствараць годныя ўмовы працы. Тым, хто вучыцца завочна, аплачваем водпуск падчас здачы сесіі. Хлопцам, якія ўходзяць на тэрміновую ваенную службу, выплачваем дапамогу памерам у 5 БВ з умовай, што яны вернуцца на завод».

Заводская сям’я

Кіраўніцтва Обальскага керамічнага завода з гонарам адзначае, што на прадпрыемстве працуюць некалькі сямейных дынастый. Маладыя рабочыя ці спецыялісты прыходзяць на завод па рэкамендацыі сваіх бацькоў. Ствараюцца тут і новыя сем’і. Сярод апошніх  – Святлана і Іван Сыраежкі.

Святлана мясцовая, обальская. Пасля заканчэння каледжа ўладкавалася на завод па спецыяльнасці – тынкоўшчыкам-маляром. На прадпрыемстве ёсць свой будаўнічы цэх, дзе займаюцца бягучым рамонтам на розных участках.

Іван Сыраежка родам з Лёзненскага раёна. Шэсць гадоў таму маладога спецыяліста пасля  заканчэння політэхнічнага каледжа ў Віцебску размеркавалі на завод у Обаль слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў. Работа спадабалася, і Іван вырашыў павысіць кваліфікацыю. Ён адвучыўся ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце і зараз працуе  інжынерам аўтаматызацыі сістэмы кіравання вытворчасцю – адказвае за бесперабойную работу ўсяго электрычнага абсталявання.

«Працаваць на адным заводзе – гэта здорава. Разам ідзём на работу, разам вяртаемся, – кажуць Святлана і Іван Сыраежкі. – Нам выдзелілі ад завода інтэрнат – цэлы блок, так што месца нам і трохгадовай дачушцы хапае. Не загадваем, як жыццё складзецца надалей, але пакуль што мы нікуды з Обалі з’язджаць не збіраемся».

Кантроль і яшчэ раз кантроль

З чаго і як вырабляецца цэгла, якімі павінны быць гліна і пясок, як выглядае якасная прадукцыя і колькі важыць адна цагліна – на гэтыя і іншыя пытанні з лёгкасцю адкажа інжынер па якасці ОКЗ Вольга Васкоўская, якая працуе на заводзе амаль тры гады. «Кантроль і яшчэ раз кантроль на ўсіх этапах вытворчасці – за гэта ў адказе Вольга, якая выдатна спраўляецца са сваёй работай, – кажа галоўны тэхнолаг прадпрыемства. Таццяна Аляксеева. – Увогуле нам шанцуе з моладдзю – яна мабільная, камунікабельная і здольная авалодаць некалькімі спецыяльнасцямі».

«Лепш дома. Разам з сям’ёй»

На Обальскім керамічным заводзе працуе некалькі маладых людзей, якія раней ездзілі на заробкі ў Расію. Сярод такіх – машыніст казловага крана Яўген Дзідзенка.

«А нашто мне краіны чужыя? – разважае малады чалавек. – Заробкі  ў Обалі мяне ўладкоўваюць. Дык лепш буду дома, разам з сям’ёй». Яўгена спачатку прынялі на работу па дагаворы, а потым пакінулі на пастаянна. Машыніст казловага крана загружае за дзень па пяць вагонаў з цэглай. Акрамя гэтага, працуе і грузчыкам: уручную загружае мяшкі з гліняным парашком. А тут ужо патрэбны не столькі веды, колькі сіла і вынослівасць.

Машыніст крана

Падчас вучобы ў Ульскім ліцэі Канстанцін Жэнеўскі з Грудзінава і не думаў, што будзе працаваць на Обальскім заводзе. Калі заканчваў вучобу, тут патрэбны быў  машыніст крана. І Канстанцін вырашыў паспрабаваць. «З тэхнікай сябрую, таму авалодаць азамі прафесіі машыніста крана для мяне было няцяжка, – кажа хлопец. – За настаўніцтва ўдзячны  калегу Вадзіму Марозаву».

Канстанцін Жэнеўскі састаўляе кранам паддоны з цэглай, якая потым ідзе на склад, а затым адпраўляецца спажыўцам.

Без зварачных работ не абысціся

Начальнік механічнага цэха Аляксандр Бурданаў лічыць сваіх работнікаў адной дружнай камандай. Разам са сталымі спецыялістамі ёсць і маладыя, якія ў свой час ўліліся ў калектыў. Так, электрагазазваршчык Аляксей Гусакоў – чалавек надзейны і вытрыманы. У рабоце акуратны, непаспешлівы, любіць якасць. Гэтаму вучыць і сваіх калег. Напрыклад, Аляксандра Мануйку, які ўладкаваўся на завод нядаўна. Раней працаваў зваршчыкам у СУП «Лаўжанскае», а цяпер перабраўся бліжэй да дому. У Аляксандра немалы вопыт, мае пяты разрад (максімальны для электрагазазваршчыка), але ж усё роўна яму прыйшлося на ОКЗ вучыцца. «Тут спецыфіка работы іншая, чым у сельгаспрадпрыемстве, – кажа Аляксандр. – Трэба рамантаваць шнэкі і рубашкі  для прэса, лапаткі для перамешвання гліны. Практычна ніводны рамонт абсталявання не абыходзіцца без зваршчыкаў. Таму лічу сваю работу важнай і патрэбнай».

 

 

Старонку падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *