Семь Я семьи Новиковых из агрогородка Никитиха в Шумилинском районе

Главное Общество Семья

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №157 ад 27 красавіка 2022 года за нараджэнне і выхаванне пяці дзяцей ордэнам Маці ўзнагароджана Алена Новікава з аграгарадка Мікіціха, работніца Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу. Разам з мужам Мікалаем яна выхоўвае сына Арцёма і чатырох дачушак: Аню, Арсенію, Анастасію і Арыну. Так што ў іх зараз у поўным сэнсе слова Сем Я.

Уручыць ордэн Маці Алене Новікавай і павіншаваць сям’ю з узнагародай і надыходзячым Днём сям’і ў Мікіціхінскі сельвыканкам учора, 12 мая,  завітаў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.

Сям’ю Алены і Мікалая Новікавых у раёне ведаюць многія. Першы раз яны заявілі пра сябе ў 2016 годзе, калі прынялі ўдзел у раённым конкурсе «Уладар сяла», дзе занялі трэцяе месца. У 2017 годзе Новікавы ўжо занялі другое месца ў абласным этапе сельскагаспадарчага праекта. У гэтыя ж гады сталі пераможцай раённага конкурсу мнагадзетных сем’яў «Сям’я года». Помніцца, як скарылі журы артыстызмам, непасрэднасцю і нацыянальным каларытам. У рамках абласнога фестывалю працаўнікоў сяла Віцебскай вобласці «Дажынкі-2020» сям’я ўдзельнічала ў закладцы алеі сямейных дрэў у Віцебску.

Новікавы лёгкія на пад’ём, працавітыя, пазітыўныя, дружныя, таленавітыя. Жывуць ва ўласным доме, трымаюць асабістую гаспадарку: курэй, свіней, да нядаўняга часу на падворку была карова, зараз мараць пра казу, даглядаюць немалы агарод, дзе толькі бульба займае ці не гектар. У падмогу – трактар і матаблок. Пры гэтым свае бацькоўскія абавязкі стараюцца выконваць годна, адказна падыходзяць да духоўнага і фізічнага развіцця дзяцей. Сын Арцём і дачка Аня – вучні Мікіціхінскай школы і школы мастацтваў, дачка Арсенія і Анастасія наведваюць дзіцячы садок і таксама мараць навучыцца іграць на музычных інструментах. Самая маленькая паўтарагадовая Арынка пакуль дома, але ўжо ва ўсю збіраецца ў дзіцячы садок.

Маці, нягледзячы на вялікую занятасць, знаходзіць час на ўласныя захапленні: пячэ пірагі, рукадзельнічае, займаецца садаводствам. Паспявае ўдзельнічаць і ў мастацкай самадзейнасці. Ёсць свае захапленні і ў Мікалая – тэхніка. Шмат год яны абодва з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі клуба «Ветэран», дзе пераймаюць вопыт старэйшых калег у выкананні народных танцаў. Дарэчы, Новікавы ці не адзіная сям’я ў аграгарадку, якая выконвае вядомы ў раёне рэгіянальны танец «Лаўжанская кадрыля».

Дзяржаўная ўзнагарода якраз дарэчы прыйшлася да Дня сям’і, які адзначаецца 15 мая ў нашай краіне. Алена Новікава, атрымаўшы ордэн Маці, расчулілася і прызналася, што кранута такой увагай з боку дзяржавы, усведамляе ўсю сваю адказнасць за сям’ю і пастараецца разам з мужам выхоўваць сваіх дзетак сапраўднымі патрыётамі, якія будуць годнымі грамадзянамі краіны.

І пяць дзетак, прызналіся Алена і Мікалай Новікавы, напэўна, не мяжа…

Алена КАРПУШЭНКА.

З 1997 года ў Шумілінскім раёне ордэнам Маці ўзнагароджаны 10 жанчын, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяць і больш дзяцей.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *