Обольский керамический завод укрепляет позиции на внешних рынках

Общество Экономика

ОКЗ умацоўвае пазіцыі на знешніх рынках

Мінулы год для Обальскага керамічнага завода стаў даволі паспяховым.  Штомесяц прадпрыемства выпускае 3 млн штук цэглы, 60% якой ідзе на экспарт. Галоўная задача аддзела па камерцыйнай рабоце – прадаць усю прадукцыю. І з гэтай задачай тут добра спраўляюцца. «Пачатак мінулага года быў вельмі складаным, але ў жніўні будаўніцтва ў Расійскай Федэрацыі рэзка ажыло, як вынік – з’явіўся вялікі попыт на будаўнічыя матэрыялы, – расказвае начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце Обальскага керамічнага завода  Антон Барташ. – Дарэчы, пачала расці і іх цана. Так, наша цэгла ў Расійскай Федэрацыя падаражэла ў два разы. Тэндэнцыя павышанага попыту на нашу прадукцыю захоўваецца і сёлета».

Обальская цэгла ва ўсе часы была запатрабаванай. Стаўка ў першую чаргу робіцца на спалучэнне цаны і  якасці. Хаця, трэба адзначыць, кошт обальскай прадукцыі сем год быў стабільны, для расійскіх пакупнікоў ён узрос толькі летась, а на беларускім рынку цэнавая палітыка мяняецца не істотна.

Спецыялісты завода адзначаюць, што ў першую чаргу імкнуцца забяспечыць унутраны рынак. Больш за трэць прадукцыі ідзе на будаўнічыя пляцоўкі Віцебскай вобласці. Асноўныя партнёры знахо-дзяцца ў Лепелі, Паставах і Ушачах. Таксама прадаецца обальская цэгла ў Магілёўскую і Гомельскую вобласці.

Прадукцыя з Обалі запатрабавана ў Расійскай Федэрацыі. «Невялікі працэнт прадавалі  ва Украіне, – расказвае Антон Барташ. – Але з лютага гэты рынак знік, вызваленыя аб’ёмы пераарыентавалі таксама на Расію».

Найбольш добра цэглу з Обалі набываюць у Архангельскай і Пскоўскай абласцях, прыкладна 30% ад усіх паставак у Расію. Не страчваюць свае пазіцыі абальчане і ў Калінінградскай вобласці, таксама каля 30% ад экспарту. «Гэтыя рэгіёны найбольш прымальныя для нас, – адзначае А. Барташ.– З Калінінградскай вобласцю ў нас заключаны доўгатэрміновыя дамовы,  у тым ліку па пастаўках па чыгунках краін Балтыі. Кантракты поўнасцю выконваюцца і мы не бачым ніякіх праблем у далейшым. Вельмі перспектыўны рынак Архангельска. Думаю,  паціху будзем павялічваць продажы ў гэты рэгіён, яны нават прадстаўляюць для перавозкі свае чыгуначныя вагоны. Для нас гэта вельмі выгадна».

Сярод перспектыўных накірункаў у аддзеле па камерцыйнай рабоце бачаць  будаўнічы рынак Масквы і Маскоўскай вобласці, Пскова. Ёсць планы на Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу-Югру. «Летась у Югру адправілі пробных  5 вагонаў, – адзначае А. Барташ. – Па якасці пытанняў не было, а вось кошт для іх аказаўся высокім. Праўда, сёлета яны зноў выйшлі на нас і заказалі адразу 10 вагонаў цэглы. Зараз з пакупнікамі гэтага рэгіёна вядуцца актыўныя перамовы на заключэнне пастаянных доўгатэрміновых кантрактаў».

На Обальскім керамічным заводзе адзначаюць, што попыт на прадукцыю ёсць. І важна адсочваць усе змяненні на рынках. «Зараз мы выйшлі на той узровень, калі  прадпрыемства прадае сваю прадукцыю, а не проста прапаноўвае яе, – падсумоўвае Антон Барташ. – Гэта значыць, мы можам дыктаваць свае ўмовы. У тым ліку і ў цэнавай палітыцы. Калі 1 лютага цэглу мы прадавалі за 15 расійскіх рублёў за штуку, то ў красавіку ўжо па 16 рублёў».

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №29 ад 19.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *