Разбэшчвальнік з сацсетак
Той вечар для 15-гадовай дзяўчыны з райцэнтра быў звычайным. Пагуляла на вуліцы з сяброўкамі, сядзела ў сваіх сацыяльных сетках.
І позна ўвечары «УКантакце» ёй напісаў невядомы: «Прывітанне! Чым займаешся?» А далей пайшлі зусім дзіўныя паведамленні: «Я ведаю, хто ты такая і чым займаешся», «Нікому не кажы, што я з табою перапісваюся», «Ты не павінна мяне блакіраваць», «Не дадумайся звярнуцца ў міліцыю». А далей невядомы прыслаў тры фотаздымкі, два з іх, як устанавіла экспертыза, парнаграфічнага характару. Дзяўчына ўранку паказала маці гэтую перапіску. Маці адразу звярнулася ў праваахоўныя органы.
«На мінулым тыдні следчымі райаддзела ўзбуджана крымінальная справа па факце дэманстрацыі матэрыялаў парнаграфічнага зместу асобе, якая не дасягнула паўналецця, – расказвае намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталь Ішчук. – Санкцыі па дадзеным артыкуле прадугледжваюць пазбаўленне волі да чатырох год».
Зараз вядзецца расследаванне. Высвятляюцца падрабязныя абставіны здзяйснення злачынства, адпрацоўваюцца асобы, якія могуць мець адносіны да гэтага факта. Як адзначаюць следчыя, шмат работы ідзе па высвятленні ўладальніка старонкі «УКантакце», вывучаюцца ІР-адрасы.
ПАРАДЫ ад Следчага камітэта пры карыстанні сацыяльнымі сеткамі:
пішы ў сацыяльных сетках толькі тое, што скажаш, гледзячы чалавеку ў вочы;
не паказвай шмат аса-бістай інфармацыі пра сябе. У любой сацыяльнай сетцы можна абраць кола блізкіх сяброў, якія і будуць ведаць пра цябе больш, чым астатнія;
паважай іншых. Гэта правіла датычыцца як зносін у інтэрнеце, так і ў паўсядзённым жыцці;
зрабі свой акаунт закрытым. Па-першае, гэта зручна, што вас не будуць «разглядаць» невядомыя і непажаданыя асобы. А па-другое, бяспечна, бо табе змогуць пісаць толькі знаёмыя, а твой фотаздымак нідзе і ні ў каго не з’явіцца;
і самае галоўнае: навучыся гаварыць «не» прапановам аб перапісцы, тэлефонным званку, сустрэчы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №29 ад 19.04.2022 г.