На палетках раёна поўным ходам ідзе падкормка азімых зерневых азотнымі ўгнаеннямі.Па плане трэба падкарміць 9746 га. На раніцу ўчарашняга дня гэтыя работы выкананы на 1799 гектарах (22,6%). Падкормлена і 386 га азімых крыжакветных (12,5% да плана).
Па словах спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, якасна работы па падкормцы арганізаваны ў сельгаспрадпрыемстве «Лаўжанскае». «З базы мінеральных угнаенняў, што ў Вярхоўі Віцебскага раёна, загадзя прывезлі 200 тон КАСа, які нам выдзелены за рэспубліканскія бюджэтныя грошы, – расказаў в. а. дырэктара гаспадаркі Яўген Дзятлоўскі. – Будзем падкормліваць 1104 га азімых зерневых (пшаніца, трыцікале, жыта), а таксама 470 га крыжакветных (рапс, свірэпіца). У першую чаргу работы вядуцца на палетках першага тэрміну восеньскай сяўбы».
На полі, што непадалёк ад жывёлагадоўчага комплексу, на ўніверсальным малагабарытным агрэгаце «Раса» ру-піцца механізатар Пётр Бар-дзюкоў. «Тэхніка з шырокімі пнеўматычнымі коламі, таму і працаваць зручна, і зерневыя не псуюцца, – кажа Пётр. – Тым не менш першы тыдзень работы быў складаным з-за ўмоў надвор’я: то дождж ішоў, то снег сыпаў. Сонца радавала нячаста, таму палеткі як след не прасохлі. Усё гэта тармазіла работы. Калі надвор’е добрае, то паспяваю падкарміць за дзень па 100-120 гектараў. Запраўка КАСам бесперабойная – яго рэгулярна падвозіць Ігар Барысевіч».
Аграном Эдуард Котаў, які кантралюе работу на палетках, расказаў, што раннія падкормкі вадкімі ўгнаеннямі заўсёды станоўча ўплываюць на ўраджайнасць зерня. Работы на палетках вядуцца без выхадных і святаў – трэба ж падкарміць не толькі азімыя культуры, але яшчэ і пашы першага тэрміну выпасу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №27 ад 12.04.2022 г.