Сухая трава – не дровы, паліць яе не варта

Безопасность Официально

Сухая трава – не дровы, паліць яе не варта

З года ў год мы назіраем адну і тую ж карціну: як толькі сыходзіць снег і ўстанаўліваецца сухое надвор’е, людзі пачынаюць наводзіць парадак на прыдамавых тэрыторыях, спальваючы смецце і мінулагоднюю сухую траву. Так, па падліках службы ратавання, у 2021 годзе ў краіне  было зафіксавана 2123 выпадкі гарэння травы і кустоў на плошчы амаль 1 тысяча гектараў. Гэты год не стаў выключэннем. На сярэдзіну сакавіка ў зводцы налічвалася амаль 800 пажараў у прыродных экасістэмах, на якіх загінула 7 чалавек.

«Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў традыцыйна з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём і выпальванне сухой травяністай расліннасці, – кажа першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Маскалькоў. – Іншымі словамі – чалавечы фактар. Часта ахвярамі травяных палаў становяцца пенсіянеры, якія прыбіраюць участкі. Як правіла, людзі мэтанакіравана спальваюць сухую траву і смецце, не задумваючыся пра наступствы. Полымя цяжка спыніць, а пацярпець можа не толькі маёмасць, але і сам падпальшчык ці выпадковыя людзі. У маёй памяці шмат выпадкаў, калі палы сухой расліннасці прыводзілі да знішчэння жылых дамоў, пабудоў, транспарту. І да самых цяжкіх наступстваў – гібелі».

! У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з арт. 16.40 КаАП за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 БВ. Арт. 16.41 КаАП за развядзенне кастроў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 БВ. У выпадку ўчынення ўрону ў асабліва буйным памеры наступае крымінальная адказнасць.

У гэтыя дні просяць ратавальнікі выконваць асноўныя правілы пры развядзенні вогнішчаў і спальванні смецця:

– разводзіць кастры варта пры пастаянным кантролі за працэсам гарэння;

– месца для развядзення кастроў павінна быць ачышчана ад гаручых матэрыялаў і сухой расліннасці;

– побач трэба мець ёмістасць з вадой, пяском ці вогнетушыцель, каб хутка затушыць полымя;

– нельга дапускаць, каб полымя і іскры траплялі на гаручыя элементы будынкаў, гаспадарчых пабудоў, на гаручыя матэрыялы;

– адыходзячы, неабходна затушыць вуголле да поўнага спынення тлення.

Не праходзьце міма травы, якая гарыць! Пры немагчымасці патушыць яе самастойна, сваімі сіламі, паведамляйце пра ўзгаранне ў службу ратавання на нумарах 101 ці 112.

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №25 ад 05.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *