Допились до поножовщины

Закон Происшествия

Дапіліся да панажоўшчыны

Усім вядома, што сумніўная кампанія з алкаголем да дабра не давядзе. Вельмі часта такія пасядзелкі заканчваюцца ўзбуджэннем крымінальных спраў. Праўда, гэта разумеюць далёка не ўсе: жаданне выпіць перамагае…

Максім (імёны зменены па этычных меркаваннях) у той вечар проста блукаў па райцэнтры. Было жаданне выпіць, але грошай не было. І вось убачыў Ігара з кампаніяй. Яны сябрамі ніколі не былі, так, віталіся адзін з адным ды пару раз былі ў адной кампаніі. Тут Максім і даведаўся, што нехта з кампаніі пры грашах, збіраюцца добра пасядзець, толькі вось няма дзе, а на вуліцы холадна.

– Хлопцы, пайшлі да мяне ў кватэру, – адразу прапанаваў Максім.

Зразумела, што па дарозе зайшлі ў краму, дзе набылі вялікую колькасць спіртнога. Застолле ішло як мае быць! Ежы хапала, спіртнога таксама. Адны выходзілі, другія прыходзілі, прыйшоў і брат Максіма з сужыцелькай.

Пасядзеўшы некалькі гадзін, кампанія разышлася. У кватэры засталіся Максім, Ігар і сабутэльніца. «Гэты момант прыйшлося даволі доўга ўзнаўляць, – расказвае следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Антон Шрубік. – Ніхто не мог успомніць, што адбывалася, бо былі нецвярозыя».

Ігар пачаў абмяркоўваць сужыцельку брата. Гэта не спадабалася Максіму, які прапанаваў выйсці з кватэры. Слова за слова – мужчыны пачалі штурхацца, неўзабаве гаспадар схапіў нож і ўдарыў крыўдзіцеля ў шыю. Па шчаслівай выпадковасці нож не закрануў жыццёва важныя органы. Ды і хуткую дапамогу выклікалі адразу. «Падчас следства і абвінавачваны, і пацярпелы не маглі растлумачыць свае паводзіны, – адзначае Антон Шрубік. – Адзінае тлумачэнне: перапілі. Падчас асабістай стаўкі адзін у аднаго папрасілі прабачэнне».

Крымінальная справа завершана. Матэрыял перададзены ў суд, які і вызначыць ступень вінаватасці  Максіма. Дарэчы, санкцыі па гэтаму злачынству прадугледжваюць да 8 год пазбаўлення волі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Надрукавана ў №25 ад 05.04.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *