Дакумент перспектыў і магчымасцяў
У апошні час шмат гавораць пра біяметрычныя пашпарты. У чым перавага лічбавых дакументаў у параўнанні з традыцыйным пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь?
Адказвае вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Алена Пракоф’ева:
– Сёння грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць заказаць ID-карту – дакумент унутранага карыстання, дзеянне якога распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі краіны, а таксама біяметрычны пашпарт, які неабходны для перасячэння мяжы альбо знаходжання за межамі краіны.
Лічбавыя дакументы і традыцыйны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996 года аднолькавыя ў правах на тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі з магчымасцю здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні. Выкарыстанне біяметрычных дакументаў дазваляе аўтаматызаваць ідэнтыфікацыю асобы, спрасціць праходжанне пашпартнага кантролю пры перасячэнні граніцы, садзейнічае развіццю электронных сэрвісаў. Лічбавы дакумент стварае пэўныя зручнасці пры выкананні некаторых працэдур за кошт выкарыстання асабістага электроннага лічбавага подпісу, шляхам уводу асабістага ключа доступу. Ва ўладальніка біяметрычнага дакумента адпадае неабходнасць асабістага наведвання шэрага структур, бо ёсць магчымасць аддалена ажыццявіць юрыдычную працэдуру. Гэта і новая ступень абароны дакументаў: ад візуальнай да персанальнай, з выкарыстаннем адбіткаў пальцаў.
У перспектыве ID-карта разглядаецца не толькі як пасведчанне асобы, але і як база дадзеных, якая акумулюе ўсю неабходную інфармацыю пра чалавека: вадзіцельскае пасведчанне, плацёжныя банкаўскія і скідачныя карты і многае іншае.
Атрымаць біяметрычны пашпарт можна толькі пры наяўнасці ID-карты альбо пры адначасовай падачы дакументаў на афармленне ID-карты і біяметрычнага пашпарта.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 05.04.2022 г.