Шлях у навуку пачынаецца ў школе
Уладзіслаў Шавяка (СШ №1, кіраўнік – С. А. Шуляр) заняў 1 месца ў секцыі «Гісторыя. Грамадазнаўства. Краязнаўства» за даследаванне Халакосту на тэрыторыі нашага раёна.
22 сакавіка ў Шумілінскай СШ №1 прайшла 18-я раённая канферэнцыя даследчых работ вучняў школ раёна. Гэта традыцыйнае штогадовае мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца пошук і падтрымка школьнікаў, захопленых навукова-даследчай дзейнасцю, раскрыццё іх патэнцыялу і заахвочванне лепшых работ.Работа раённай канферэнцыі вялася па 14 вучэбных прадметах у 7 секцыях. Удзел у канферэнцыі прынялі 72 навучэнцы (якіх падрыхтавалі 55 настаўнікаў) з 9 устаноў адукацыі. На суд журы канферэнцыі былі прадстаўлены 62 працы.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава павіншавала юных даследчыкаў з удзелам у канферэнцыі і пажадала поспехаў у абароне навуковых работ.
У кожнай секцыі былі адзначаны навучэнцы, якім лепш за ўсё ўдалося паслядоўна, з навуковага пункту гледжання апісаць свае даследаванні, дакладна данесці вынікі сваёй працы і аргументавана адказаць на пытанні па яе змесце. Даклады ўдзельнікаў абапіраліся на камп’ютарныя прэзентацыі.
Тэмы работ былі самыя разнастайныя. Напрыклад, у секцыі «Гісторыя. Грамадазнаўства. Краязнаўства» дзеці вывучалі і аналізавалі гісторыю населеных пунктаў, помнікаў, ікон, камянёў і валуноў, шмат работ было прысвечана радаводам сямей. Лепшай была прызнана работа Уладзіслава Шавякі (СШ №1, кіраўнік – С. А. Шуляр) «Халакост на Шуміліншчыне», у якой ён даследаваў генацыд яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна.
Па падліках галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Вольгі Сыцько, па выніках канферэнцыі было выдадзена 12 дыпломаў I ступені, 14 дыпломаў II ступені, 24 дыпломы III ступені.
Найбольш паспяхова выступілі вучні СШ №1, на рахунку якіх 12 дыпломаў. Шумілінская СШ №2 і Обальская СШ атрымалі па 9 дыпломаў, Кардонская і Мікіціхінская СШ – па 6, Башнёўская і Слабадская яслі-сад-БШ – па 3 дыпломы, Амбросавіцкая і Мішневіцкая яслі-сад-БШ – па аднаму дыплому.
Навуковыя работы вучняў, якія атрымалі дыпломы I ступені, прымуць удзел у абласных конкурсах. Так, работы вучняў пачатковых класаў адправяцца на конкурс «Вернісаж», 5-8 класаў – на конкурс «Я пазнаю свет».
Будзем чакаць вынікаў і, канешне ж, перамог!
Вольга КОЦІКАВА,
няштатны карэспандэнт.
Апублікавана ў №24 ад 01.04.2022 г.