«Нашы паслугі – для жыхароў раёна»
Аналізуючы вынікі работы за мінулы год, дырэктар КУП БАН Віктар Бабічаў адзначае, што Шумілінскі камбінат у сярэдзіне абласной зводкі сярод 16 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання.
«Працую дырэктарам камбіната бытавога абслугоўвання 22-гі год, апошнія дзесяць гадоў не маем страт. Па многіх пазіцыях летась мелі плюс у параўнанні з папярэднім годам, – адзначае Віктар Паўлавіч. – Так, у 2021 годзе аказана насельніцтву паслуг на 228 352 рублі – на 11,4% больш, чым у 2020 годзе. Бытавыя паслугі на вёсцы “пацягнулі” на 54 342 рублі (на 15,3% больш). Добра спрацавалі па рамонце і шыцці швейных вырабаў (141%), хімчыстцы (138%), пракаце (194%), рытуальных паслугах (123%). Усе пустуючыя памяшканні здаём у арэнду індывідуальным прадпрымальнікам, за што за год выручылі 58 тысяч рублёў. Плюс 20 тысяч рублёў атрымалі за аказаныя паслугі па ацяпленні. Калгасны рынак, які год таму перададзены райбыткамбінату, таксама прынёс прыбытак – ад здачы ў арэнду гандлёвых месцаў зарабілі каля дзесяці тысяч рублёў.
У канцы сакавіка на першым паверсе будынка камбіната бытавога абслугоўвання адкрываецца новы магазін – «Віцебскія прадукты». На днях індывідуальны прадпрымальнік у арандаваным памяшканні пачне аказваць новую для Шуміліна паслугу – ламініраванне валасоў». Дарэчы, многія прадпрымальнікі, якія размясціліся ў будынку КУП БАНа, аказваюць менавіта бытавыя паслугі – па рамонце электратэхнікі, абутку, мотакос. Больш таго, райбыткамбінат мае дамоўленасць з прадпрымальнікамі па выезду на вёскі.
Акрамя звыклых для ўсіх бытавых паслуг, КУП БАН нарыхтоўвае і прадае дровы. Зараз працуюць на выдзеленай дзялянцы ля аг. Слабада. Ёсць дамоўленасць з індывідуальным прадпрымальнікам, які па заяўках жыхароў раёна на ЗІЛе прывозіць дровы (прычэп каштуе 250-300 рублёў у залежнасці ад адлегласці).
Якія планы ў камбіната бытавога абслугоўвання на гэты год і на перспектыву?
«Нашы паслугі – для жыхароў раёна, у гэтым накірунку і мяркуем працаваць», – кажа Віктар Бабічаў. Гэта значыць, развіваць і ўдасканальваць ранейшыя паслугі, укараняць новыя. Мяркуюць ушчыльную заняцца дрэваапрацоўкай – піламатэрыялы патрэбны як жыхарам раёна, так і многім арганізацыям. Дошкі для падлогі, штыкетнік, пралёты для агароджы заўсёды карыстаюцца попытам (летась іх вазілі нават у Лосвіда і Заронава).
Больш таго, спецыялісты бытавой службы вывучалі попыт сярод жыхароў раёна па аказанні паслуг і прыйшлі да высновы, што многім землякам патрабуецца дапамога ў перакрыцці і рамонце дахаў, падлог, пабудове і рамонце цяпліц. Мяркуюць дапамагаць насельніцтву ў зносе лядашчых дамоў (прычым, робяць гэта бясплатна з той умовай, што забіраюць сабе разабраныя бярвёны). Летам мяркуюць аказваць паслугі па абкосе прысядзібных участкаў, афарбоўцы дамоў і агароджаў. Карыстаецца попытам паслуга па добраўпарадкаванні могілак (устаноўка помнікаў, выкладка пліткай, пабудова лавачак, догляд). Прычым, на гэтую паслугу складаюцца і доўгатэрміновыя дагаворы – родныя многіх памерлых жывуць у іншых гарадах і нават краінах і не маюць магчымасці даглядаць магілы родных.
Зараз у райбыткамбінаце працаўладкаваны 18 чалавек, гатовы ўзяць на работу яшчэ вальшчыка лесу, двух трактарыстаў і цырульніка. У гэтым годзе мяркуецца аснашчэнне цырульні новым абсталяваннем за бюджэтныя грошы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №22 ад 25.03.2022г.